Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 36

Анатоль Бароўскі

Так будуе той трэст і будынак музея, які вельмі неабходны нашаму гораду...»

Баброў паклаў паперы ў канверт, задумаўся.

Не зразумеў напачатку — што за пісаніна? Такога Пушкарчук напісаць не мог. Але ўсё праўдзіва і актуальна. На праверку пойдзе шмат часу. А калі ўсё пацвердзіцца — ці дасць згоду на друкаванне матэрыялу рэдактар Анкудовіч? Гэта ж орган райкома і гаркома партыі. І выканкомаў. А тут грахі відавочныя. І не на карысць таго ж Ганчарэнкі выносіць свае промахі па старонкі газеты...

— Во паламае Баброў галаву, — смяяўся Пушкарчук, ідучы з Зялёнкам па вуліцы.

— А што ты яму падсунуў?

— Выступленне старшыні райвыканкома, ён павінен быў выступіць на сесіі абласнога Савета. Але, прачытаўшы папярэдне яго тэкст, не далі слова. Раённы старшыня Захараў мой добры сябра. Любіць ён мастацтва, сам малюе няблага.

— А калі ён зацікавіцца той тэмай і дасць у рэспубліканскую газету? — выказаў меркаванне Антон.

Мікола зарагатаў:

— Не асмеліцца, ён хапаецца толькі за тое, што праходзіць. А тут супраць і абласнога начальства крытыка. У спрэчку ён не ўступіць. Гэта я яму так, як кажуць, інфармацыю для роздуму падсунуў. Каб даказаць яго ж бездапаможнасць. Гэта ён на цябе смела накінуўся, бо ў цябе няма начальніка-прыхільніка. І абаронцы.

— А мне і не трэба абаронцы-прыхільнікі.

— І правільна. А факты ў тым выступленні вельмі сур'ёзныя. Добра было б, каб былі надрукаваны. Але хіба ж дазволіць савецкая ўлада, каб паказаць сябе з такога боку?

10.

Дзень душы...

Так мы называем той дзень, калі ўсе разам — я, Мікола і Наташа — адпраўляемся да Валеркі ў госці.

Дзень душы — гэта свята. Фіеста. Апафеоз пачуццяў і жаданняў.

Мы той дзень не прызначаем, не выбіраем, ён нараджаўся сам, як нараджаецца раніца. Як нараджаецца дзіця альбо цікавая думка ці рашэнне.

Дзень душы...

«Адкрыла» Валеру яна, Наташа.

Ад работы яе прызначылі агітатарам на выбарах. Яна абышла некалькі вуліц на ўскрайку горада, расказвала шмат добрых слоў пра выбраннікаў. Аднаго з іх ведала і сама — Ганчарэнку. Другога ж, рабочага метызнага завода Каршкова, і ў вочы не бачыла. На руках у яе была фатаграфія і біяграфія.

Людзі слухалі яе, ківалі галовамі, добра, а як жа прыйдзем, аддадзім галасы за абраннікаў сваіх, прыйдзем першымі, нацямочку.

Наташы вельмі не падабалася тая работа — хадзіць і расхвальваць тых, хто пры ўладзе, і невядомых з сухой біяграфіі. Пра Фядоса Рыгоравіча яна ведала. Як ведала пра Веру Міхайлаўну, пра яе каханне.

Зайшла Наташа ў адну хату — цагляную, пад бляшаным дахам, пастукала ў дзверы. На дварэ ліў спорны дождж, і добра, што яна накінула на плечы дажджавік: з капюшонам. Ды і лёгкія гумавыя боцікі былі дарэчы.

Заканчвалася лета, было яшчэ вельмі цёпла, хоць босаму хадзі. Вуліцы прыгарада былі крутыя і слізкія, раўчакі цяклі з гары і неслі разам з сабою гліністы глей, утваралі змейкаватыя канаўкі. Іх ноччу пракліналі жыхары, траўміруючы ногі.

Ніхто не адказваў. Яна адчыніла і другія дзверы — у хату. Прачыніла, з парога спытала: