Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 32

Анатоль Бароўскі

— Паклё-оооп! — амаль закрычаў, устаўшы з-за стала, Ганчарэнка, але тут жа спахапіўся, адчуў, што сваёй нявытрыманасцю толькі выдае сябе, паўтарыў ужо спакойна: — Паклёп зноў наводзіце, таварыш Арэшка. Есць чарга — ільготная і такая. Вось згодна з ёй...

— Згодна з канвертам. І таму, хто бліжэй сэрцу.

— І адкуль у пажылых людзей столькі злопыхацельства? Не разумею, — уздыхнуў старшыня, правёў пальцамі па паголеным твары, пашкроб мезенцам за вухам. — І здароўя ж на ўсё хапае.

Ветэран спачувальна пахітаў галавой. Зноў рукавом выцер вока, прыставіў рукі да грудзіны. Намацаў дзвярную ручку, крутануў яе. Выйшаў у прыёмную, але нікога з людзей не ўбачыў — нешта засціла вочы. Твары людзей былі размытыя, угадваліся толькі абрысы.

— Ну што, Андрэй? — нехта папытаўся, падышоўшы да яго, і ветэран з цяжкасцю зразумеў, што побач быў Пушкарчук.

— А нішто... Хай ён...

Тут жа стаяў і Антон Зялёнка. Ён таксама мерыўся падысці да Арэшкі, але, убачыўшы, у якім той стане, перадумаў.

— Табе блага, Андрэй?

— Правядзі мяне, братка, да выхаду — нічагуткі не бачу, халера...

— Мо хуткую выклікаць? — спахапілася запознена за сталом Таццяна Паўлаўна. Падышла да Арэшкі, адчула нядобрае, устрывожана паглядала на яго.

— Хай яна да яго прыязджае. Мяне ўжо нічога не выратуе... — Андрэй Арэшка сказаў не ёй, не Пушкарчуку і Зялёнку, прамовіў самому сабе, як даўно вырашанае і вядомае.

Ступіўшы праз колькі прыступак уніз, Арэшка папрасіў трошкі затрымацца — перакурыць, хаця сам ніколі не курыў. Пастаяў трохі каля паўкруглага акна, што выходзіла ў двор. Глядзеў, як хадзілі людзі, як бавілі вадзіцелі час размовамі, чакаючы сваіх начальнікаў.

Пушкарчук не задаваў Арэшку ніякіх пытанняў. Баяўся, што яшчэ больш можа ўстрывожыць яго. Адчуў, што яму ў гэты момант вельмі цяжка. Зноў пачаў дакараць сябе, што своечасова не памог яму — мо б яно ўсё склалася як інакш.

— Патэпалі, Мікола.

— Як дабярэшся дадому? Мо таксі зловім?

— Ды як-небудзь. Таксі для таго, хто спазняецца. А мне куды спяшацца? Па-аспею, брат... Ты мяне, будзь ласка, во да лавачкі давядзі. Я пасяджу на ёй, аклімаюся. Тады ўжо рушу дадому...

З кароткіх рукавоў шэрага пінжачка выглядвалі спрацаваныя касцістыя рукі, спрэс перакітаваныя пакручастымі жыламі. Як шпагатам якім абматаныя. Ледзь-ледзь падрыгвалі, не знаходзілі супакаення.

— Ну, глядзі. А то б і дадому трэба было цябе давезці.

— Уга, пан які! І слуг яму падавай? Не-не, адпускае трохі рухавічок, адпускае, — хапаў паветра Андрэй, дыханне і сапраўды выроўнівалася, — цяпер ужо нічога. Дзякую, Мікола, табе. Ідзі, рашай свае клопаты. Ведаю, яны таксама ў цябе няпростыя. Ты другую сцяну прабіваеш. І прабівай, не здавайся. Каб тады за адступленне не было сорамна...

Пушкарчук падумаў, што чамусьці Андрэй узвышаным стылем гаворыць. Не было такога з ім раней, не заўважалася. Ён як бы нейкі вынік падводзіць, наказ яму дае. І спакойнасць у голасе, быццам не ён быў у Ганчарэнка які прымусіў сцяцца хворае сэрца — можа, яно разарвалася ўжо на дробныя шматкі...