Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 33

Анатоль Бароўскі

— А, гэта ты, Антон? Не заўважыў цябе. А ты маўчыш чамусьці, голасу не падаеш, — ажывіўся Арэшка, заўсміхаўся стомлена, натужна, стараючыся паказаць, што трымаецца, што нічога асаблівага не адбылося. — Кажа Пушкарчук, што ты там нейкага ветэрана ізабразіў і што ён нічога глядзіцца.

— Добры атрымаўся партрэт, Андрэй Іванавіч. Дзякую вам.

— За што? Што пасядзеў, паразважаў маўкліва? А потым галаву табе затлуміў сваімі ўспамінамі.

— Тыя ўспаміны і памаглі мне ў рабоце. Без іх і не атрымалася б нічога...

— Ну, то няхай так і будзе. Ну, усё, хлопчыкі, тут я ўжо як у Бога за пазухай. Дзякую вам. Уга, цяпер дабяруся. Сёння я... Бывайце, хлопчыкі, сёння я, напэўна, паеду ў камандзіроўку — сябры-ветэраны прыслалі запрашэнне на сустрэчу. Трэба ехаць.

— Надоўга, Андрэй?

— Ці надоўга? — Арэшка хітравата ўсміхнуўся, цокнуў языком, паправіў пратэз, уздыхнуў: — То ад сяброў залежыць. Мо загасцююся, як спадабаецца. Будзе ж пра што пагаварыць, паўспамінаць. Эхма-а, дарог няма...

Ён зноў церануў рукавом па шчацэ, выцер слязінку. Утаропіўся ў зямлю, задумаўся. Губамі толькі шавяліў, як чытаў што.

Пушкарчук і Зялёнка пакінулі яго аднаго. Азірнуліся яшчэ раз, адышоўшыся. Арэшка сядзеў, звесіўшы галаву на грудзі.

— Не падабаецца мне ён сёння, — заўважыў ціха Мікалай Мікітавіч.

— Забіў яго мэр адмоваю. А ён чакаў. Меў надзею на лепшае.

У прыёмнай людзей не паменшала. Наадварот, стала яшчэ больш. Чарга Пушкарчука прайшла, і ён цяпер не ведаў, ці казаць пра тое людзям. Дзіўна выходзіла: быццам за каўбасою ў краме стаіш. А тут яго здзіўкі бралі, што ў такім старажытным горадзе, багатым на сваю гісторыю, і няма свайго музея.

Чамусьці пра тое не балела галава Ганчарэнку. Праўда, будаваць яго пачалі. Фундамент заклалі шэсць гадоў назад, і пасля таго да аб'екта не падышоў ніводзін будаўнік. Як заклятым тое месца стала. Мала таго, у горадзе столькі унікальных дамоў, з адмысловай архітэктурай, дык на іх месцы надумаліся будаваць шматпавярховыя гмахі. Быццам нельга тыя прыгожыя дамкі ўпісаць у гарадскі пейзаж. Яны ж як візітная картка горада.

— Што рабіцьмем? — на петрыкаўскі манер папытаўся Зялёнка ў Пушкарчука. — Ці будзем адрываць дзяржаўнага чалавека ад дробязных, на яго погляд, спраў?

— Трэба, але як прабіцца да яго?

У прыёмную зайшоў журналіст газеты Баброў. Яго Зялёнка пазнаў адразу — паўгода назад напісаў разгромны артыкул пра яго. Пра выстаўку. З таго часу і пайшлі нелады ў рабоце.

Баброў падышоў да сакратаркі, даверлівым голасам, як часты госць, пацікавіўся:

— Фядос Рыгоравіч заняты?

— Прыём у яго. Але я магу папытацца, можа, і прыме, калі што тэрміновае ў вас?

— Не-не, я і забыўся, што сёння прыём. Я перазваню яму.

Баброў насіў кароткія, хаця і пышныя, вусы. Акуратна падстрыжаны, паголены. Адзенне на ім звышмоднае, замежнае. Чаравікі на тоўстай падэшве. Касцюм пясочнага колеру, гальштук — усё гарманіравала, усё пасавала да яго твару. За сваёй знешнасцю, відаць было, ён сачыў круглыя суткі. Заўважыў Пушкарчука і Зялёнку, пайшоў да іх.