Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 30

Анатоль Бароўскі

— З трохпавярховай вышыні скакаць — глупства.

А калі я не саскочу, а, наадварот, узлячу вунь на той дуб. Ты будзеш задаволена?

Ты прымаеш маю гульню, усміхаешся, перапытваеш:

— На які дуб? Вунь на той — самы вышэйшы?

— Ага.

— Яму за шэсцьсот гадоў. Ахоўваецца дзяржавай.

— Ведаю, — кажу нецярпліва, адчуваю, як рукі наліваюцца пругкай сілай. — Заляцець?

Ты ўжо не смяешся, а рагочаш:

— Зрабі, Антон, такую ласку. Буду вельмі радая.

— І ты станеш шчаслівай? Скажы...

— Стану, Антон. Пакажы, як ты паляціш? Ну?..

Мае рукі сталі пругкімі і лёгкімі. Я ўзмахнуў імі, як крыламі, адпіхнуўся нагамі ад зямлі — і мяне нейкая невядомая сіла панесла ўверх. Мяне адразу скаваў страх вышыні і нечаканага пераўвасаблення. Я ж амаль забыўся пра тры жаданні, якія падрадзіўся здзейсніць Бог. Жарты, думаў.

Закрычаў не я. Закрычала Наташа, застаўшыся на зямлі.

Я махаў крыламі і некалькі разоў абляцеў крону дуба. Паспеў скрозь слёзы — вецер дзьмуў у вочы — заўважыць удалечы роўнядзь Прыпяці, чыгуначны вузел пасёлка, краны порта Пхоў... Усеўся на вяршаліну, усё яшчэ не мог перавесці дух. З усіх сіл ушчаперыўся за разгаліну, баючыся зваліцца на зямлю. Нешта ўнізе гаварыла і крычала Наташа, але слоў не пачуў — увушшу свістаў вятрыска.

Мне хацелася яшчэ палятаць, а потым спусціцца на зямлю. Але рукі не адрываліся ад верхавіны дуба.

Прыехала міліцэйская машына. І я не пачуў галасоў міліцыянераў, якія паказвалі на мяне пальцам і нешта вырашалі.

Нада мной плылі воблакі, як не чапляліся за мяне. Мне хацелася перасесці на адно з іх, пасядзець, як на канапе. У сне было добра раскашоўвацца на воблаках.

Мяне біў нервовы страх, клацалі сківіцы. Вось-вось разрагачуся на ўсё неба істэрычным мефістофельскім смехам і — звалюся паленам на зямлю...

Потым прыехала пажарная машына. Прыставілі да дуба лесвіцу, але і яна не даставала да мяне — перашкаджалі галіны.

Бегалі, мітусіліся пад дубам людзі.

«Ну што, ганарлівец, не верыў першаму цуду?» — пачуў я аднекуль зверху іранічны, з падколам, голас.

— Не верыў, святы Айцец! — крычу я і адчуваю, як ірвуцца галасавыя звязкі — пачаў сіпець.

За спіной пачуўся гул верталёта. Ён падляцеў да мяне і завіс непадалёку. Адкрыліся дзверцы, і юнак у лётчыцкай форме крыкнуў у мегафон:

— Антон, як пачуваеш сябе?

Спрабаваў крыкнуць, што нічога маюся, але з горла вырваўся толькі сіпаты выдых. Тады я паказаў вялікі палец паверх кулака.

— Значыць, о'кэй! Трымай! — хлопец кінуў мне вяроўчыну. — Зашмаргні на сабе пятлю, мы ссадзім цябе на зямлю.

Я хапаю мяккую і тоўстую канатную вяроўчыну і абкручваю ёю сябе.

Верталёт павольна прыўзняўся ўверх, канат нацягнуўся — і я адпусціў рукі ад дрэва. Калі ж я пакінуў дуб, канат аслабіўся — я ляцеў побач з верталётам, распластаўшы рукі. Перамагаў страх, калаціўся, бы ад холаду, але ляцеў, толькі баяўся, каб не падняло мяне ўверх і не папаў пад вінты верталёта. Мы так і завіслі над самай зямлёю — верталёт і я. Падбегла Наташа, учапілася ў калашыну і сцягнула мяне на зямлю, развязала канат.