Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 21

Анатоль Бароўскі

І вось у адзін з такіх невыносных дзён да яго прыйшла здрадніцкая думка.

На вешалцы ён убачыў тонкую вяроўчыну, на якой маці развешвала сушыць бялізну. Перад тым як здзейсніць задуманае, ён пад'ехаў да свайго акна, каб яшчэ раз уволю нагледзецца на сонца, на сад, на неба.

На падваконнік скочыў верабей. Паскакаў, паскакаў, злётаў некуды ў сад, вярнуўся. Станцаваў на пафарбаваным падваконніку нейкі свой адмысловы танец, некуды ў голле нырнуў.

«Накармлю верабейку, — раптам рашыў ён, — галодны ж, пэўна, калі да мяне прыляцеў...»

На кухні ён ухапіў лусту хлеба, вярнуўся. Пакрышыў яго дробненым, стаў чакаць.

Верабейка прыляцеў зноў. Схіліў галаву, разглядваў, не верачы, што перад ім пахкі хлеб. Вочкі свяціліся цікаўна і гарэзна. Птушка, мусіць, была цікаўным стварэннем, бо не накінулася адразу на корм, а рашыла пабачыць, хто гэта так паддобрыўся да яе. Асмялела і ўскочыла на край падваконніка, што выступаў на хату. Сустрэлася позіркам з чалавекам — і не спалохалася.

Доўга разглядвала хлопца, быццам бачыла ўпершыню. Хаця лётала пад вокнамі кожны дзень.

— Ну, здароў, верабей! — напаўголаса прамовіў ён, не рухаючыся, каб не напалохаць шэрую птушачку.

— Чыр-чыр... — падаў вясёлы голас верабейка.

— А-а, цябе, значыць, Чырам завуць? Ну а я — Валерка. Валер Арлоў. Вось і пазнаёміліся. Як жывецца табе, Чыр?

— Чыр-чычырр...

— Добра, змачыць?

— Чыр...

— Давай будзем сябраваць з табой, га?

— Чыр-чыр...

— Дзякую табе. Ты, мусіць, не верабей. Ты — анёл. Толькі шэры. О, дык у цябе і адрозненне ёсць. Пляміна белая на галоўцы. Адметны ты нейкі. Не паспеў перафарбавацца з белага ў шэрае? Не падманеш, братка, мяне... Ну-ну, я жартую, не крыўдзіся...

— Чыр-чыр-чычыр!..

— Ого! Дык у цябе цэлыя склады і словы нават. Я навучуся іх разумець, калі ты будзеш прылятаць да мяне кожны дзень. Мы будзем з табою размаўляць. Будзеш прылятаць да мяне, скажы?

— Чыр-чыр!

— Во, ужо і навучыўся разумець тваю згоду. Значыць, пасябруем, пасябру-ууем! Сябрамі будзем. А цяпер паклюй, верабей, падсілкуйся. Чыр Чырыч, у цябе работы шмат. І клопатаў шмат. А для ўсяго сіла патрэбна. Я буду чакаць цябе і заўтра ў такі ж час. Прылятай, размаўляць будзем. Прачытаю табе вершы. Я сёння напішу табе першае пасланне. Я яго так і назаву «Пасланне Вераб'ю». То, значыць, табе.

Верабей смела паскакаў па падваконніку, пачаў кляваць крошачкі хлеба. Кляваў і чырыкаў, як дзякаваў чалавеку за яго добрыя словы і адносіны. А Валер глядзеў на яго, і на сэрцы асядала незразумелае пачуццё — пачаў прападаць боль, перастала калоць у скроні. Па шчоках пацяклі слёзы замілавання і ачышчэння.

Ён падкаціў да вешалкі, схапіў скрутак вяроўкі і выкінуў у фортку. Выкінуў — і ўздыхнуў. Як выкінуў з душы, са свайго сэрца чорную вужаку...

Назаўтра, калі сонца зноў паднялося з-за хаты і асвяціла яблыню пад акном, пад'ехаў да акна і чакаў Чыра. Як пісем некалі ад Зойкі. Ён паверыў, што з яго прылётам павінна шмат чаго змяніцца. Жыццё набудзе новы, больш значны сэнс. Ён вылечыцца ад сваіх хвароб і пачне радавацца жыццю.

Чыр прыляцеў. Адразу паскакаў на край падваконніка — ад пакоя, дзе сядзеў учора.