Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 120

Анатоль Бароўскі

Косцік сустрэўся са старым Альшанскім. Найперш пра Вікцю пацікавіўся. Уздыхнуў Адам, на хлопца самотна паглядзеў:

— Хварэе. На сухоты, пэўна. Старая казала, каб дзе тлушчу барсучынага расстарацца — мо б ён пасобіў як. Але дзе ты яго раздабудзеш па такім часе.

Зашчымела ў грудзях Косціка: дзяўчына хварэе, а ён і не ведае.

— І даўно, дзядзька Адам?

Шчацінне на шчоках тарганулася, уздыхнуў:

— Ды другі ўжо месяц...

— Чаго гэта Жамойда надумаўся такі подзвіг утварыць?

— А хто яго ведае. Прыстаў, вядзі ды вядзі да партызан. Думаў, мо немцаў хоча прывесці, аж непадобна...

— Страшна стала. Вось і прыпёрся. Адчуў, што паленым пахне...

— Мо і так.

Вясной, калі барсукі выйшлі на першае жыраванне, падаўся Косцік Міхалап у Княжына, у тую дзялянку, якую ён пазней назаве Барсучыным хутарам.

Праз колькі начэй выбраўся ў Спрымачоў і перадаў Вікцінай маці натоплены барсучыны тлушч.

Калюх-калюха, на два бокі і ўсторч

Мікіта даў парсюку, пакарміў курэй хлебам і крупамі. Не забыўся і пра Грая — тоўчанкі з малаком падрыхтаваў у місе.

Каровы стары не трымаў — браў малако ў Настазі. Сена для Рагулі касіў Ладуцька.

З бабкай Настазяй у дзеда дзіўныя адносіны — то жыць адзін без аднаго не могуць, як не штодня ў адведкі ходзяць, а то з-за драбязы насварацца і па месяцу парог не пераступаюць. Але ў якім бы настроі старая ні была, кажынны раз, увечары і ранічкай, ставіла на прызбу двухлітровы слоік малака.

— Ну што, старая карга, як на свет глядзіш? — ішоў Ладуцька першым на прымірэнне, піпку ў шчарбатыя зубы засоўваў, пыхкаў засяроджана, з бабкі вачэй не зводзіў.

— А так і гляджу, пень стары ды яшчэ трухлявы,— бабка выцірае вусны, усміхаецца — адлегла крыўда ад сэрца, засумавала па суседу. — На той свет пара, а вось Бог не прымае, не падпісвае маё заяўленне...

— І не падпіша, калюх-калюха! — рагоча Ладуцька, падпірае сцяну спіной. — Мы яшчэ нагуляемся з табою на гэтым свеце, аж чарцям будзе моташна, на два бокі і ўсторч. Заходзь, Настасся Адольфаўна, гарбату піцьмем...

— Ды зайду ўжэ, анягож...

Дзед радасна расчыняе перад госцяю дзверы Сам прычасаны, на ім чысты касцюм і жоўтая сарочка ў палосачку. Як перад нявестай дзед красуецца, лепшым паказацца стараецца.

І сядзяць тады яны доўга-доўга, аж за поўнач, бавяць час размовамі-ўспамінамі.

— То пайду ўжэ я, Мікіта. Дабранач табе.

Ён праводзіць яе да самага бабчынага парога, жадае добрай ночы таксама.

У нядзелю ён звычайна піў гарбату адзін, пасцяліўшы на стол вышыты некалі жонкаю абрус. То былі яго святыя гадзіны, ён уяўляў, што за сталом сабралася ўся сям'я — жонка Уліта, дзеці — Пятрок, Янка, Ладзік і Надзейка... Дзед нібы наяву чуў іх галасы, смех, чуе нават, як яны адхлёбваюць з кубкаў пахкі ўзвар, пырскаюць смехам.

— Мамка, а Пятрок шчыкаецца, — скардзіцца Надзейка Уліце, а сама рукою заціскае сабе рот — восьвось засмяецца.

— Вось я яму пакажу хутка, не ўгамоніцца бэйбус.

— Ага, ага, — задаволена паглядае яна на брата.

— А яна мяне нагой пад сталом піхнула.

— Ой жа і балаўнікі вы, яй-бо, — уздыхае яна і шчасліва паглядае на іх.

Доўга не пасылаў ім Бог дзяцей.