Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 119

Анатоль Бароўскі

Як адбегся з паўсотні крокаў, ззаду грымнуў стрэл. Потым другі. Кулі ціўкнулі над галавой.

У карабіне было ўсяго два патроны. Астатнія былі ў кішэні фуфайкі...

Праз тыдзень хадзілі на чыгунку.

Але ўзарваць эшалон не ўдалося. Нарваліся на групу нямецкіх разведчыкаў. Моцна параніла Міхалапа — ён адвёў разведчыкаў ад падрыўнікоў...

У зямлянку ўваліўся Міхал Клімаш — у аўчынным кажушку, расхрыстаны.

— Таварыш камандзір, — загаварыў з парога, — там такое дзела — затрымалі паліцая.

— Якога яшчэ паліцая, дзе?

— На першым дазоры затрымалі. Спрымачоўскі паліцай Жамойда і з ім Адам Альшэўскі, жыхар той жа вёскі.

Громаў нейкі момант разважаў, потым прамовіў:

— Што ж, вядзі.

Праз хвілін колькі ў зямлянку Клімаш прывёў Жамойду — у чорным кажусе, у валёнках. Насцярожана глядзеў па Громава, камячыў у руках шапку.

— "Прозвішча?

— Жамойда. Я вам, таварыш камандзір, прывёз соль і цукар.

Громаў недаўменна паглядзеў на паліцая. У бок Украіны паехалі партызаны, каб хаця не солі, дык попелу — шчолачы з яе — расстарацца.

— Адкуль яна ў цябе?

— Я яе павінен быў сёння даставіць у суседні гарнізон.

— Чаму ж да нас прывёз?

— Бо ведаю, што пакутуеце без солі і цукру. І што хворых шмат. Я ж не вораг людзям...

— А хто ж ты тады?

Казімір апусціў галаву:

— Не па сваёй ахвоце я — прымусілі.

Громаў нейкі час маўчаў, абдумваў сітуацыю. Для яго ўсё тое было нечаканкай. Чаму падаўся да іх? Адчуў, што пералом наступіў — пад Масквой добра турнулі фашыстаў?

— Мне вось што яшчэ хацелася б пачуць: ці ёсць сярод вас паліцаі, якія б згадзіліся перайсці на наш бок? Ці памагаць нам.

Казімір задумаўся, сказаў:

— Пра тое не ведаю. Дазнаюся. Во яшчэ што. Гюнтэр Клаўс, мой начальнік, казаў, што на партызанскі атрад, не ведаю толькі які, праз колькі дзён пападуць карнікі І прыедуць яны з Мазыра. Яшчэ. Не ведаю зноў жа, у нейкі атрад будуць падасланы дзве дзяўчыны пад выглядам, што хочуць ваяваць з фашыстамі. То правакатары. Ім дадзена заданне высачыць партызан...

— Адкуль вядома?

— Клаўс нядаўна за чаркай хваліўся. Казаў, што скора партызанскаму атраду капут. Гаварыў пра дзвюх медхен, якія зробяць гэта. А пра астатняе я здагадаўся. Хаця тут у нечым магу і памыліцца.

Громаў пальцамі пацёр лоб, сціснуў губы.

У зямлянку зайшлі Клімаш і Міхалап. Жамойда азірнуўся, збянтэжана і з усмешкай глядзеў на Косціка.

— Во, і мой друг, Косцік, у вас, — прамовіў Жамойда, — з адной вёскі мы, амаль суседзі...

— Воўк табе друг, а не я... — адказаў Міхалап, а камандзіру далажыў: — Заданне вашае выканаў, Леанід Піліпавіч.

Паліцай зніякавеў, апусціў галаву.

— Тады адпачывайце, Міхалап. І вы, Клімаш, таксама. Заўтра з раніцы да мяне. Жамойду правядзіце да санак.

Вочы Жамойды свідравалі падлогу, цяжка дыхаў, а адна думка непакоіла яго: «Казаў ці не, што страляў па ім? Калі ж казаў, то канцы мне... І чаго папёрся, дурань?!»