Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 107

Анатоль Бароўскі

Вечарам завітаў Косцік. Заўважыў у позірку нейкі сполах, насцярожынку. Паўжартам, паўсур'ёзна заўважыў:

— Штосьці часта, гэта самае, да вас Жамойда прыблэндваецца. Унадзіўся, як казёл у капусту.

— Дабраным прыкідваецца — налог змяншае.

— Чаго ж так?

— З-за бацькі, кажа. Памог быццам яму пазбегнуць вялікай судзімасці.

— А мо ён цябе шкадуе, га? — нахмурыўся Міхалап — правяраў сваю трывогу. — Я не хачу, каб да вас прыходзіў гэты паліцай.

— І я не хачу, — у вачах дзяўчыны стаялі слёзы. — Як забараніць яму? Да ўсіх ходзіць.

Ён маўкліва знайшоў яе руку, надзеў на палец пярсцёнак, сказаў усхвалявана:

— Вось так. Цяпер ты мая. Назаўсёды.

Аднойчы, калі Анэта пайшла на другі канец Спрымачова, прысунуўся прыцемкам Жамойда. Вікця акурат засынала, лежачы ў ложку. Не надала значэння грукату ў сенцах — думала, што маці так хутка вярнулася.

Не чула, як Казімір распрануўся.

Не паспела апамятацца, як ён сціснуў яе ў абдымках, як абцугамі аблапіў... Вікця зубамі ўпілася яму ў руку, нават пачула саланаваты смак крыві. Але тое яго не спыніла...

Яна плявала ў твар, крычала, клікала Косціка на дапамогу. Выдзерці хацела вочы, ды не змагла — закруціў рукі за спіну...

Здаецца, нагатавана было ўсяго, што можна было нагатаваць у нішчымныя пасляваенныя гады. Скрозь у місках стаяў густы кісель з чарніц і журавін. Халоднае мяса, наліснікі і аладкі ў смятане, у гладышках і слоіках — кампот з дзічак і аўсянае піва з халоднай Сцёпкі.

Стаяла гарэлка і віно.

— Ну, што, хлопцы, грайце зазыўную.

— Зазыўную!

Смычок'церануўся аб струны. Скрыпка ўздыхнула радасна і ўзнёсла, як вырвалася на волю. Бадзёра азвалася дудка Ерамея — тоненька і высока. А потым падхапіў Ладзік. Лёнік, сын, да пузатага бубна, падсеў, глуха бухнуў качалкай.

Лёнік і Ладзік падобны як дзве кроплі вады. Нават і светлыя чубы тырчэлі аднолькава. Сын язык высалапіў — сам сабе памагаў. На ім картовая футболка, просценькія чаравікі.

І грымнула, тугім і гучным выбухам адскочыла ад зямлі зазыўная — разбілася аб вершаліны ліпы, разляцелася дробненькімі аскалёпачкамі над вёскай, кожную хату зачапіўшы.

Першы да Міхалапаў прычыкільгаў Макар Чыкай, інвалід вайны. Гаварыў, як апраўдваўся, таптаўся на месцы, рыпеў драўляным пратэзам нагі.

— Мая Марфа апасля прыйдзе — у печы дапальвае. А я падумаў, мо помач якая патрабуецца ад мяне.

На картовым пінжаку прымацаваны ордэн Чырвонай Зоркі. У Чыкана праз усю шчаку пісяг — пад Берлінам параніла. Калі Макар злуецца, то пісяг чырванее і відзён выразна — як крывавы струменьчык.

— Ды якая помач, — азваўся Міна, бацька Косціка, таксама прыкасшомлены, нешта шукаў вачыма, не могучы ўспомніць, што яшчэ не зрабіў — таптаўся ў роздуме на двары, — за сталы вуняка пара садзіцца.

Потым Маланчыха — цётка Юзя — прыйшла паперадзе ціхмянага Савося, лядашчага, бы высушаны лешч, — быў ён на галаву ніжэй за жонку. На ім нязграбна сядзеў сіні касцюм — першы раз, мусіць, з такога выпадку надзёваны.