Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 105

Анатоль Бароўскі

Дождж быў цёплы, холаду не адчувалася, ну, ні кропелькі. А вось пад раніцу адчула, што гарыць уся ў агні...

Адрадзілася старая хвароба, па новым крузе пайшла. І што ні рабілі, чым ні лячылі, барсучыны тлушч, што прыносіў Косцік, даела, а палёгкі не адчула.

Завезлі ў Еньск, раённы цэнтр. Зрабілі рэнтген, але нічога не ўбачылі. Паклалі ў бальніцу, каб абследаваць, дакапацца да прычыны. На вачах вяла, мянялася з твару. Лячылі грып, а яго і знаку не было.

Урачыха, намесніца Жыльскага, Антаніна Ігараўна, аднойчы выказала здагадку:

— А ці не пляўрыт у цябе, дарагуша... Давай праверым.

Жанчына ўзяла шпрыц, зрабіла ўкол, выцягнула іголкай гной.

— Так і ёсць, запасайся цяпер, дарагуша, цярпеннем.

Жыльскі тады вельмі сварыўся — так нельга было вызначаць хваробу, небяспечна і рызыкоўна. Бо мог утварыцца вакуум і плеўра тады прыліпла б да лёгкіх — чым адарвеш яе тады? Так ушчуваў Жыльскі ўрачыху. Тое Вікця не чула, жанчыны перадалі, як стала лепшаць.

Як ляжала ў бальніцы, памёр бацька — Адам Альшанскі. Нечакана памёр, сказала маці, — сеў на прызбу і не ўстаў.

За акном цяплынь, лета, схіл яго. У лесе процьма грыбоў. У такі час спрымачоўцы ад старога да малога на грыбовішчах: кожны хоча ўхапіць, каб займець капейчыну — без грошай у вёсцы цяжка, ні сукню купіць, пі абутак...

У дзверы нехта лёгенька пастукаў. Яна не адказвала, безуважна глядзела на шыбы, слухала птушыныя галасы.

— Вікця!

У дзверы прасунулася галава Косціка — усміхаўся.

Асцярожна, быццам баяўся зачапіць што, падышоў да ложка. На тумбачку паставіў слоік з кампотам, сітро, у кулёчку яблыкі і цукеркі, ён узяў яе руку, прыклаў да шчакі:

— Як табе цяпер, Вікця?

— Трошкі палепшало, а було зусім пагано...

З кішэні дастаў нейкую каробачку, адкрыў яе, выняў адтуль каралі — карычневыя, бы жалуды, нанізаныя на нітцы.

— Гэта табе.

— Ой, навошта такі дарагі дарунак, — пачырванела дзяўчына і зажмурыла вочы.

Потым трымала ў руках, радавалася:

— Прыгожыя якія!

— Праўда? Падабаюцца?

— Вельмі.

Міхалап радаваўся, што яна павесялела, і сам шчасліва ўсміхаўся, верыў, што неўзабаве яна выпішацца і ён дома ёй скажа пра ўсё...

— Не казалі, колькі трымаць яшчэ будуць?

— Няскора, Косцічак, дому буду. Ледзьве да туберкулёзу не дайшло. Нейкія дзіркі ў лёгкіх знайшлі.

— Жыльскі — урач што трэба, вылечыць, ён у войну лячыў добра людзей.

— І цябе ўратаваў?

— І мяне...

Вікця глядзіць на каралі, адчувае цеплыню дарагіх камянёў, і ёй хочацца прыладзіць іх да шыі, але саромеецца паказваць хлопцу сваю слабасць.

— Дзякуй табе за пацеркі. Я іх буду насіць усё жыццё.

— Я купіў яшчэ і пярсцёнак. Як вернешся дадому, надзену на палец — і...

Яна закрыла твар рукамі.

...Амаль год праляжала Вікця Альшанская ў раённай бальніцы.

Тады не было на душы асаблівых трывог і клопатаў. Жамойда пасля нядоўгай адсідкі вярнуўся ў Спрымачоў. Адразу атрымаў пасаду — праз каго, ніхто не ведаў.

Ён хадзіў па вёсцы важна і з гонарам, выставіўшы грудзі, у сваім заўсёдным строгім парадным касцюме — галіфэ і кіцелі. Падпярэзваўся шырокай вайсковай папругай на дзве дзірачкі. Фуражка круглая, высокая, з такім жа зялёным, як і ўсё, брылём. Сталін, дый годзе. Вусоў толькі не хапала.