Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 108

Анатоль Бароўскі

Цётка Юзя накінула на плечы хустку ў квяты — і аж памаладзела, позірк памякчэў, голас стаў пявучы, мяккі. А то толькі і чуваць, як яна звягае, не сціхае, на Савося, вінавацячы яго ва ўсіх грахах.

— Ну і наскачуся я сёння, людцы, — заўсміхалася, плячом павяла, мірганула некаму, нагой топнула, а музыкантам з падкавыкай: — Ды што ж гэта вы, хлопчыкі, аслабелі? Не накармілі вас, ці што? Ладзік, от нешта слаба граеце.

Цётка Юзя здзекавалася, пасміхалася, пакеплівала няйначай, бо ніхто не мог сказаць пра музыкаў такое. Дзед Ерамей толькі скоса зіркануў на Маланчыху, вачмі крутануў, тупнуў нагой, як прыгразіў: «Цыц, балаболка!..»

Косцік убачыў, як па вуліцы крочыў у бок Жамойдаў участковы Нікадым Тхарэнка са сваёй жонкай. Запрашаў яго тыдзень назад, ды сказаў ён, што да Жамойды ідзе на вяселле.

«А як там, цікава, Вікторыя Адамаўна? Ці шчаслівая, выходзячы за паліцая?» Прыкасцюміўшыся, выйшаў у двор.

У варотцы зайшла бабка Настазя, спрымачоўская павітуха. Убачыла Косціка, падышла, у вочы зазірнула, заўсміхалася лагодна:

— Вось і ты жэнішся, унучак. А здаецца, зусім нядаўна тое было, калі я цябе на руках трымала першай.

Бабка ўсіх дзяцей, якіх прымала ў час родаў, пасля называла сваімі ўнукамі.

— Час ляціць, бабка Настазя.

Росту невысокага, твар у зморшчынках — павуцінкі разбягаюцца ад вачэй, а вочы ў бабулькі маладыя, бы ў дзяўчыны — блакітныя, нават з гадамі не згаслі. Толькі зрабіліся больш мудрэйшыя і добрыя.

Жыла Настазя адна, хаця сыноў мела сямёра і дзвюх дачок. У жывых засталіся два сыны. Адзін з іх, Пётра, жаніўся на Анэлі. Дзяцей не нажылі.

Гаспадара бабкі, Яна Фіцнера, забралі перад самай вайной. Прыехала ноччу ў вёску машына з вайскоўцамі НКУС і арыштавала трох — дырэктара школы Юніцкага, настаўніка гісторыі Фалінскага і Яна. Ян акурат тады гной вазіў на поле. Прыйшоў дадому, не паспеў памыцца, а яму сказалі, каб сядаў у машыну. Сказалі, што ён японскі шпіён. Пасля вайны напаткаў той жа лёс Пётра і яго брата Антона.

Гэта пазней ужо бабцы прышлюць паперу, у якой будзе сказана, што яе муж рэабілітаваны. Яна і вяскоўцы доўга будуць ламаць галаву над незразумелым словам «рэабілітаваны» — як закатаваны, і толькі пазней, як у хату зазірне фінагент Жамойда, растлумачыць значэнне напісанага...

Уздыхнула бабка, да пляча дакранулася Косціка, выцерла няўлоўным рухам вусны, паківала галавой:

— То шчасцейка табе, унучак, і Палінцы тваёй: я сёння за вас чарачку вып'ю.

Косцік абняў старую, падзякаваў. Бабку ён любіў, часта да яе ў госці бегаў, частавала яго сушанымі грушкамі ды гарбузікамі.

Прыйшоў ляснічы Карабкоў з жонкаю Наталляй Мікалаеўнай — паўнагрудай жанчынай, спакойнай і спагадлівай. Працавала яна на спрымачоўскім ФАПе — фельчарскім пункце. Была Наталля ў шэра-карычневай сукні, паверх — такога ж колеру пінжак з плечыкамі. Спрымачоўцы фельчарку любілі, як і бабку, — ішла да хворага ў любы час.

— Прыходзьце, сядайце, Андрэй Мартынавіч, — зазапрасіў Міна, правёўшы да сталоў.

Прыплёўся аднекуль у двор дзядок — згорблены, паўсляпы ды ў дадатак яшчэ і глухі. Папыталіся, адкуль і куды ішоў. Рукамі замахаў, захрыпеў, паказаў, што сюды ішоў, на вяселле, а сам здалёку...