Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 104

Анатоль Бароўскі

— Но, вараныя! — размахваў папліскай паганяты, зухавата ссунуўшы на патыліцу кепку з тоўстым брылём. — Но-ооо! Вяселле едзе, дарогу!

Ён хацеў адвярнуцца, каб і не глядзець у той бок, але нешта працівілася ў ім — глядзеў адкрыта і з нянавісцю, сціскаў ад крыўды зубы, аж да болю.

Жамойда знарок хіліўся да нявесты ўсё бліжэй і бліжэй, аблапіў рукамі, цалаваў. Рагатаў, размахваў рукамі. Пэўна ж, назло яму, Косціку.

— Давай, Лявон, гані вараных! Няхай усе бачаць, хто жэніцца! — крычаў п'яным голасам Жамойда і абдымаў, туліў да сябе Вікцю Альшанскую.

Косцік ужо нічога не заўважаў вакол — як што засланіла яму белы свет, як хто шэрую паляндру накінуў на вочы, — толькі яна, Вікторыя Альшанская, Любітрава, стаяла ў вачах. За кароткі час ён паспеў узненавідзець яе, праклясці, змірыцца з горычнай думкай, што не кахала яна яго, таму і пайшла за Жамойду, фінагента.

Яны пранесліся паўз яго як шалёны вецер-ураган. Пасля іх густа ўзнялася пылота, і Косцік патануў у ёй, не могучы выратавацца. Не мог і засланіцца — занятыя былі рукі. Толькі зажмурыўся, адвярнуўшыся ад дарогі.

Такой і запомнілася яму Вікця перад вяселлем — у белым вэлюме, зніякавелая і разгубленая, найбольш вочы — такога позірку ён не помніў ні да гэтага, ні пасля. Яна як быццам баранілася ад некага ці нечага, бо ў апошні момант, калі параўнялася з ім, бездапаможна і з нейкім адчаем далоньмі закрыла пунсовы твар і, падалося, закрычала.

Ён не сышоў з дарогі, як стаяў, так і ўкленчыў на зямлі, выпусціўшы перад тым дошкі — яны балюча ўдарылі па нагах.

Адплывала ў нябыт ягонае залатое шчасце, ягоная надзея і загадка... І не забыць яму яе тую, даўнюю, зблажэлую, чорную, бы сопуха, з шэрымі паўкругамі пад вачмі. Косцік памятаў яе пасля хваробы — слабую, з ціхай радасцю папраўкі. Радаваўся тады, што дзяўчына перамагла цяжкую хваробу — верыў, што памаглі барсукі, тлушч ад іх.

Міхалап апамятаўся, устаў з пыльнай дарогі, азірнуўся, ці хто не бачыў, пацягнуў дошкі ў двор.

У галаве гуло, як і тады, каля чыгункі, калі кантузіла ў час бамбёжкі. І тут, як пры бамбёжцы...

Валілася ўсё з рук, выслізгвала, бы намыленае было. А ў вачах яна, Любі-трава...

Яму раптоўна адкрылася высноўе-здагадка — яна абвінавачвала яго ў нечым. У чым?

«Божачка, што я нарабіла? Ці не буду пасля каяцца? Каго бокам абышла, каго адпрэчыла? Чаму не расказала Косціку — няўжо не зразумеў бы, не прасціў?.. Але ён забіў бы Жамойду, у турму загрымеў бы...»

— Ты не спіш, доню? — нахіляецца старая Анэта над дачкой, прыслухоўваецца.

Вікця не абзываецца. А потым плач вырываецца вонді, раздзірае грудзі. Шыю халадзілі пацеркі, напаміналі...

...Яна нудотліва паглядае ў акно, чуе, як шапаціць лісце пад лёгкім ветрам, ёй хочацца туды, на вуліцу, да людзей, да жыцця. Але яе не пускае доктар, кажа, што сіл у яе зусім няма. А адкуль ім брацца — каторы месяц раскашоўваецца ў бальнічнай палаце.

Тады ж, на канцы вайны, здавалася, што хвароба адступілася, прайшла. Мо яно так і было, а калі капалі з маці бульбу, наклікала на сябе яе зноў. Паліў раптоўна дождж, а заставаўся невялічкі загончык. «Ат, дакапаем, доню, — уздыхнула Анэта, накінуўшы дачцэ на спіну мяшок — каб не так мачыў дажджыска спіну. — Колечкі ўжо яе тутака засталося...»