Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 101

Анатоль Бароўскі

Доўга не бавіліся, сабраліся хутка. Міхал з Ера.меем паклалі ў воз барыльца з самагонкай — для вяселля. І пра тое прасіў Ладзік у Міхала. У цабэрак — дубовы, новенькі, паклалі такі-сякі харч — з пустымі рукамі сябры ехаць не хацелі.

Дык жа па дарозе Міхал не ўтрымаўся, адліў у кварту — як не поўную, з барыльца, падаў спачатку Ладзіку, той — Ерамею, сам жа дапіў апошні. Прыкусілі хлебнай скарынкай — вясельнага не чапалі.

— Дык ты, хлопча, не дасказаў, — таўхануў Ерамей Ладзіка плечуком. — Размова мужчынская, без плётак, таму і на чысціню — чаму не з Альшанскай Вікцяй Косцік пабраўся? Сам перадумаў, ці што іншае?

«От, ёлкі-маталкі, і яму муляе — хочацца Вікцю ў Косцікаў ложак пакласці...»

— Не перадумаў. Яна перакруціла ўсё. Жамойда да яе нейкі падыход знайшоў, а які — невядома. Яна ж не па любві выходзіць за яго. — Ладзік сцебануў пугай па сцегняках, нокнуў. — Нічога, Паліна неблагой жонкай будзе, калі не лепшай. Здаровая, працавітая...

— Ну й дзяла, — уздыхнуў стары, сказаў словамі Міхалапа — той заўсёды так гаварыў, калі здзіўляўся з нечага. — Паламалі сабе жытку...

— Дзяла, як сажа бяда, — падхапіў вазніца.

— То ж ён тады так стараўся вылечыць яе, барсучыны тлушч пасіў .. — працягваў задумліва Ерамей, шкадуючы шчыра, што ўсё так атрымалася. Быў ён у байкавай сарочцы, коратка падстрыжаны, памаладзелы. Толькі ў вачах ад пачутага быў сум.

Пачалося балотца. Зачаўкала, захлюпала вада з тванню.

— Не лянуйся, Ёршык, паехалі, — махнуў пугай Жменька.

Патыхала гнілым ламаччам, застаялай вадой. Стромкія алешыны — без аніводнай галінкі да вільчыка, густа раслі па ўзболатку. Кожную аплёў дзікі хмель, і ён церпка ўплятаўся ў лясны настой.

— Хлопчыкі, а мо яшчэ па грамчыку? — падвесялелымі вачыма паглядзеў Міхал на Ладзіка, потым на Ерамея.

— Хопіць, — строга і непрыступна адказаў, не аглядваючыся, — яшчэ вяселле не пачалося, а мы цёпленькімі прыедзем.

— Ну, не — дэк не, — адразу і згадзіўся Міхал, — але ж сёння дзень такі ў нас — весяліся, колькі ўлезе.

— Во-во, весяліся, а не прыкладвайся. Калі ж ты занадта вясёлым за скрыпку возьмешся, то невядома што і выйдзе з твайго грання... — паўшчуваў дзед, але яго тут жа, узарваўшыся, перабіў нецярплівы Міхал, акругліўшы пакрыўджана вочы: — Невядома, што выйдзе?! Ерамей Арыстархавіч, ці ты гэта гаворыш?

— У Косціка пасля спытаеш — добра было ці не.

— А я і пытацца не буду. Бо кепска ніколі не іграў.

Ладзік маўкліва ўсміхаўся, бо ведаў, што Ерамей проста хоча падзавесці Міхала — любіў стары пасмяяцца над чалавечай слабасцю. А Міхал мог «завесціся», як кажуць, з паўабарота.

— Як сказаць — для каго добра, а для каго... Месяц назад іграў разам са мною. Сыграў толькі раз ці два, а пасля напіўся так, што і разбудзіць не маглі.

— ...Хто н-напіўся? Я?! Ну, напіўся, але з-за чаго, ты ведаеш? Га, ведаеш? — крануў Міхал старога за плячо, да сябе павярнуў — успрыняў усё сур'ёзна, а таму і пачаў заікацца. — У мяне ж тады п-палец нарваў левы, бо стрэмку пад пазур загнаў. Я ж н-ніводнага гуку не мог правільна ўзяць. Ад таго і напіўся. Ад злосці, дзед, напіўся, а ты... Эх ты, дзед... — ён схіліў пакрыўджана галаву, як плакаў усё роўна ад крыўды.