Читать «За морам Хвалынскім» онлайн - страница 5
Вольга Іпатава
Алекса, пачуўшы трэск, азірнуўся — i жах як скаваў яму ногі. Доўгае імгненне ён стаяў нібы скамянелы, а пасля рынуўся да палонкі. Ён падбег у тую хвіліну, калі тонкая хлаиечая рука мільганула ў паветры, схапілася за край ледзянога кола, але тут жа слізганула i знікла ў цёмнай вадзе. Алекса не раздумваў: ён кінуўся на лёд, нахіліўся над палонкай. Зноў паказалася рука: Усяслаў адчайна змагаўся са смерцю. Сын каваля паспеў: ён ухапіўся за Усяслававу руку якраз тады, калі яна гэтак жа бездапаможна, як i ў першы раз, слізганула па гладкім лёдзе. Тапелец, адчуўшы дапамогу, адчайна рвануўся, галава яго выскачыла на паверхню, i ён, нарэшце, глытнуў паветра. Але ад гэтага штуршка не ўтрымаўся Алекса: як i Усяслаў, апынуўся ў вадзе.
— Ратуйце! — закрычаў.— Ратуйце!
Адзіны паратунак, на які ён спадзяваўся, былі хлопцы, што павінны чакаць ix. Ён крычаў колькі ставала сіл, таму што адчуваў, ix хопіць ненадоўга: Усяслаў учапіўся ў ягоную руку з дзікай, непрытомнай сілай, а тая, якою сам ён трымаўся за шурпаты аскабалак, што вытыркаўся з гладка вырубленай ледзяной сцяны, нямела ўсё болей.
— Трымайцеся! а-а! — пачулася ў адказ. Грыдні, а за імі хлапчукі беглі да палонкі. Але Алекса ўжо не бачыў ix, не чуў, як аддзіралі ягоную руку ад ледзянога аскабалка, цягнулі абаіх хлойцаў з палонкі, а пасля неслі ў бліжэйшую хату, i гаспадары расціралі ix гусіным тлушчам.
Усяслаў ачуняў раней. Ён здзіўлена ўзіраўся ў людзей, аглядаў незнаемую хату, смалякі, запытаў слабым голасам:
— Пашто тут?
Яму расказалі. Калі дайшлі да таго, што ніяк не маглі расшчапіць яго i Алексы рукі, ён з цяжкасцю ўсміхнуўся пабялелымі вуснамі:
— Значыць, быць па таму.
Праз кароткі час хлапчукі ляжалі поруч на лаве, накрытыя цёплымі кажухамі: светларусы, каржакаваты сын каваля i цёмнавалосы танклявы Усяслаў. Упершыню княжыч не адчуваў да суперніка злосці, наадварот, нейкую палёгку. Ён мякка штурхнуў Алексу:
— Пойдзеш у дружыну да мяне, калі вырасту?
Той уважліва паглядзеў у вочы Усяславу. Вочы глядзелі ўсмешліва, але прыязна, i хлопец зразумеў — не жартуе княжыч. Ён аблізнуў перасохлыя вусны i таксама іптурхнуў над бок Усяслава:
— Згода!
Гаспадар радасна i трохі зайздросна шагінуў жонцы:
— Пашанцавала чорнай косці, стане яна белаю...
На што жонка азвалася, хутаючы Алексу:
— Ой, панская ласка цяжкая!
I дадала:
— Будзь, дзіця, высокі, як дуб, моцны, як зуб!
Усяслаў ляжаў супакоена, сон паволі, як атрутнае зелле, уліваўся ў ягонае цела. Было цёпла i ўтульна, нязвыкла ўтульна сярод незнаемых людзей, у смердавай хаце, дзе сцены наскрозь йрапахлі пахучым бярозавым дымам, як у лазні, бэлькі над галавой былі чорныя, аброслыя, нібы мохам, сажаю, падлогі ж не было зусім. Замест светлых, жоўтых дошак тут гэтак, як i столь, чарнела моцна ўтаптаная зямля. Отрак павярнуўся да сцяны i заснуў. Спакойна спаў i Алекса. А тым часам, пакуль ганцы ехалі за княжычам, i каваль, i жонка яго былі схоплены, прыведзены ў княжацкія харомы, i там гнеўны Брачыслаў загадаў грыдням, каб, зняўшы з віноўных порты i сподняе, далі кожнаму па дваццаць лазін за «дзёрзкасць чада васпітуемага»...