Читать «За морам Хвалынскім» онлайн - страница 6

Вольга Іпатава

Пайшлі за годам год...

...Вечарам у трапезнай, даядаючы кавалак смажанага шчупака, княгіня сказала як бы мімаходзь, звяртаючыся болей да тысяцкага Ірвідуба:

— Што ж, вернецца — біць яе, баярскую дачку?

Усе прымоўклі. Старэйшы сын, Давыд, глянуў на бацьку, меншыя княжычы навастрылі вушы: было цікава, што станецца з Нялюбай, унучкай паважанага Ірвідуба, якую той нядаўна прывёў да княгіні i якая ўцякла з княжага двара гэтак жа, як запар тры гады ўцякае з бацькоўскага.

Ірвідуб заільсніўся потам, пачырванелыя абвіслыя шчокі яго задрыжалі, ссунуліся рэдкія пасівелыя бровы.

— Самога епіскапа прасіў выгнаць з яе беса, але яко крэпасць, моцная нячыстая сіла — самой княгіні не ўбаялася! Сорам на мне, валадарка такі гонар нам аказала, да сябе нечасцівую наблізіла, а яна... авохці мне!

Малыя грызлі пернікі i з асалодай назіралі за Ірвідубам. Брачыслаў заўважыў ix вострыя цікаўныя вочы i глянуў на баярына-агнішчаніна. Той падняўся i з паклонам звярнуўся да княжычаў:

— Час у апачывальню...

— Табе таксама час, - рэзка сказаў Брачыслаў жонцы, i тая, апусціўшы вочы, тут жа ўзнялася з-за стала i вый шла, як выплыла, услед за дзецьмі.

— Маёй бы так упраўляць,— пра сябе ўздыхнуў Ірвідуб, праводзіўшы поглядам яе тонкую, высокую постаць, услед якой усе, хто быў у трапезнай, схіліліся ў паклоне.

— Пытаўся я ў валхвоў — ці не на іхнія капішчы бегае,— з адчаем сказаў Ірвідуб.

— Не, няма яе там. Дзе беса цешыць, няславіць мяне i род наш?

Брачыслаў слухаў яго, запіваючы шчупака вострым кіслым. Квасам. Яшчэ раніцай, калі даведаўся пра ўцёкі Нялюбы, мільганула ў яго думка-здагадка.

Па ўсім Полацаку ішлі перасуды, як унучка Ірвідуба насмяялася над сватамі. Сватаўся да Нялюбы не абы-хто: малады Васілёк вёў свой род ад тых, хто прыйшоў у Полацак з-за мора яшчэ з Рагвалодам, бацькам Рагнеды, i ўсе ведалі, што будзе ён з часам ледзь не самым багатым у горадзе. Праўда, адно не давалася Васільку — навука, i чарнарызец Міхаіл з манастыра пры кафедральнай царкве на Верхнім замку сыходзіў стогнамі, вяртаючыся з агромністых харомін валачаніна Крыварога, бацькі Васілька. Аднойчы, кал i ён, вохкаючы, спускаўся па вузкай сцяжынцы, на яе, як мячык, з кустоў дзікай шыпшыны ўпала сямігадовая дачка баярына Рэдзькі. Бойкая дзяўчынка ў дарагой вышыванай кашульцы, падранай на баках, была без памяці: яна сарвалася з камянёў старога замчышча, куды ўскараскалася без нічыёй дапамогі. Міхаіл прынёс дзяўчо ў манастыр, абмыў яе i напаіў зёлкамі, i з таго часу прыдбаў сабе новую вучаніцу. Нялюба прыносіла яму радасць у той жа ступені, у якой прыносіў прыкрасць Васілёк, i, каб прыахвоціць хлопца да навукі, не раз ён паказваў таму роўненькія шнурочкі святарных тэкстаў, што без адной памылкі выводзіла на васковых дошчачках Нялюба.