Читать «За морам Хвалынскім» онлайн - страница 4

Вольга Іпатава

Падлеткі сустрэлі ix радаснымі крыкамі. Яны дабудоўвалі снежную крэпасць, але рабілі гэта без асаблівага натхнення — не было Усяслава, а значыць, няма ваяводы для той раці, якая будзе абараняць крэпасць. Нападаючыя ўжо абралі ў ваяводы Алексу, малодшага сына каваля, які адзіны мог супернічаць з княжычам. Не раз, счапіўшыся, качаліся яны па зямлі, спрабуючы кожны сцвердзіць перавагу над супернікам, але перамога выпадала то аднаму, то другому. Высокі для сваіх дзесяці гадоў, сын каваля быў шырэйшы ў плячах, але княжыч быў больш вёрткі. Не раз сёк стары каваль дзягай сына, які непачціва лупіў княжага сына, не раз плакала маці над разбітым у кроў Алексам. Дапытвалася ў чада i Усяславава маці, хто размаляваў яго пісягамі, але княжыч вырываўся з яе рук i моўчкі прыкладваў да твару мокрый ручнікі. Брачыслаў жа толькі пасміхаўся: «Хай, хай расце воін!»

Усяслаў i цяпер не падышоў да суперніка, але сам азваўся да яго:

— То што, пакатаемся?

— Пашто? — зняважліва адмовіўся Алекса.

— Усё роўна табе не дагнаці. Нос разаб'еш.

— Мне сваю галаву блюсці, а не табе,— усміхнуўся Алекса i дастаў з-пад залатанай сярмягі пару новенькіх канькоў, якія выбліснулі жалезнымі бакамі.

Усе дружна войкнулі. Вядома было, што княжычу прывезлі канькі з далёкай паўночнай краіны, тавар гэты, нябачаны ў Полаччыне, спачатку выклікаў у горадзе здзіўленне, але, убачыўшы, як спрытна коўзаецца па лёдзе княжы сын, шмат хто з вятшых, ды i ca старай чадзі заказаў сваім дзецям такія ж, але зрабіць ix браліся толькі з драўніны. Адкуль жа ўзяліся жалезныя канькі ў Алексы?

— Я сам зрабіў,— горда заявіў Алекса.— Сам прыдумаў адліўку, крыцу выбіраў. А бацька дапамагаў кляпаць.

Хлопцы абступілі яго, дзіваваліся. Усяслаў адчуў сябе пакрыў-джаным.

— Ну, пачнём?

Ён дастаў з кішэняў кажушка, аблямаванага белымі ўзорамі, свае канькі i хутка прывязаў ix да ног. Алекса зрабіў тое ж, i яны разам пачалі спускацца да Палаты.

Сонца села, але наліўся святлом ветах, i Палата была бачна далека, аж да павароту.

Хлопцы сталі наводдаль, але на адной лініі, праведзенай грыднем. Ён жа ўзмахнуў рукой, i абое яны сарваліся з месца i панесліся па рацэ.

Ж-ж-ж! — у лад шоргалі па лёдзе канькі, i гукі гэтыя цішэлі i цішэлі. Супернікі схаваліся за паваротам. Стала ціха.

Крапчэў мароз. Зоры высыпалі на небе, яны былі ясныя, вялікія, а над чырвонай палоскай зары дрыжала, пералівалася самая большая — зеленаватая Чагір. Падлеткі хукалі на адубелыя рукі, валтузіліся, каб не скарчанець.

Першымі затрывожыліся грыдні. Яны пераглянуліся, i абое, як па камандзе, кінуліся бегчы да павароту. За імі моўчкі затупалі астатнія.

...Усяслаў сутаргава глытаў паветра. Алекса не адставаў ад яго ні на крок, наадварот, ён некалькі разоў апярэджваў княжыча i вось нарэшце-такі вырваўся наперад. Усяслаў зразумеў, што сын каваля перамог яго канчаткова. Можа, таму, як аслеплены бяссільнай злосцю, хлопец не заўважыў на сваім шляху пельку, ледзь зацягнутую свежым лядком. Ён толькі адчуў, як ногі яго з трэскам праваліліся ў бездань, а цела апякло нібы варам, і тут жа нейкая сіла пацягнула яго ўніз, а пасля ўверх. Стукнуўшыся галавой аб лёд, ён не розумам, a нейкім звярыным пачуццём зразумеў, што недзе блізка павінна ж оыць выйсце з ледзянога палону, і, ужо задыхаючыся, растапыранымі рукамі мацаў уверсе, а вада цягнула яго далей, далей пад лёд...