Читать «За морам Хвалынскім» онлайн - страница 3

Вольга Іпатава

Пасярэдзіне пакоя, унутры сталоў, размешчаных ля сцен у выглядзе прамавугольніка, халопы паставілі разьбяны стол, накрылі яго белым настольнікам, сатканым рукамі нявесты. Жрэц, апрануты ў плашч, падышоў да стала i паставіў на яго драўляную фігуру Воласа. Чалядніца падала яму вялікую свечку жоўтага воску, у той час як другая клала на стол круглы бохан белага хлеба i берасцяную саланіцу, напоўненую соллю. Запаліўшы свечку жрэц прымацаваў яе да бохана.

Падвялі да стала маладых. Жрэц, паморшчыўшыся (яго ўкалолa булаўка-фібула, якою быў зашпілены на нлячы плашч), звярнуўся да маладога:

— Ці жадаеш ты ўзяць у жоны дзяўчыну Маліну, што стаіць перад табою?

Рэдзька, каржакаваты, светлавалосы, збянтэжаны агульнай увагай, хацеў пакруціць вуха, як заўжды, калі разважаў, але, спахапіўшыся, апусціў руку i прабасіў:

— Жадаю.

Нявеста, кругленькая, зграбная, на пытанне жраца ўспыхнула макавым цветам i адказала ледзь чутна:

— Жадаю.

Пасля рытуальнай клятвы ў вернасці адно аднаму жрэц перавязаў рукі маладых чырвонай хусцінкай i павёў ix, узяўшыся за хусцінку, вакол стала. Тры разы абышлі маладыя вакол Воласа, i кожны раз кланяліся яму i цалавалі хлеб i соль, а пасля нізка, да зямлі, пакланіліся жрацу i ўсім прысутным.

Высокім, крыху хрыплым голасам жрэц абвясціў:

— Я, служка магутнага Перуна, слаўнага Воласа i яснага Купалы, аддаю дзяўчыну Маліну ў жонкі маладзёну Рэдзьку. Ад гэтага часу i ў векі вякоў хай будуць яны мужам i жонкай!

Расчырванелы служка Перуна адышоўся ад маладых, i ледзь толькі выйшаў за дзверы, вытрымка пакінула яго. Ен са злосцю вылаяўся і, адшпіліўшы праклятую булаўку, што скрывавіла яму ўсё плячо, шпурнуў яе ў кут i накіраваўся ў сенніцу, дзе яму быў прыгатаваны асобны стол.

Маладыя ж стаялі, чакаючы другой часткі абраду. Ірвідуб, з палёгкай уздыхнуўшы (на Князевым твары не было гневу), узяў пададзеную яму ікону святога Міколы Угодніка i блаславіў ёю сына i нявесту, а пасля павёў ix, пасадзіў на покуці побач з Брачыславам i яго сынам, i першы падняў гліняную, з зялёным полівам, кварту з духмянай моцнай сытою.

Вяселле патроху набірала сілу. Брачыслаў расшпіліу каптан, твар яго пачырванеў, заільсніўся. Mica перад ім наноўнілася касцямі, чалядніца змяла ix у андарак. Усяслаў ляніва тыцкаў драўлянаю спіцай у цвёрды гарохавы кісель, пададзены на заедкі. Прыжмурыўіпы вока, ён паглядзеў на Рэдзьку. Той неахвотна піў квас i касавурыўся на гляк з ліпецам, сінія вочы яго памутнелі ад сытасці. Сват, мітуслівы дружыннік Заранка, пільнаваў маладога, каб тон не піў моцнага, i хаця браў кварту за квартай, не п'янеў.

Дзень хіліўся на вечар, Усяслаў думаў аб тым, што хлапечая ватага даўно чакае яго на Палаце, на звонкім лёдзе якой так добра зараз гойсаць на каньках. Канькі былі амаль ва ўсіх хлапцоў, але ягоныя выклікалі агульную зайздрасць: яны былі зроблены з жалеза, а не з дрэва, як астатнія, i, навостраныя на тачыле, неслі так хутка, што нікому не ўдавалася апярэдзіць Усяслава.

Хлопцу нарэшце ўдалося выйсці з-за стала, i ён, размінаючыся, выскачыў на ганак i амаль подбегам накіраваўся да Палаты. Двое маладых грыдняў, узятых з сямей вятшых людзей Полацака, якіх прыставілі ахоўваць княжыча, пашыбавалі за ім.