Читать «На крыжах» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
У кожнай прафесіі важнейшае значэнне мае думка спецыяліста, майстра пэўнага рамяства, але не ў літаратуры. У адносінах да літаратуры здарылася так, што ісціна вызначаецца па прынцыпу субардынацыі. Як кажуць, чым вышэй пасада, тым бліжэй да бога. У канцы пятага дзесятка гадоў Савецкай улады мы марым аб тым жа, пра што ў свой час клапаціўся Луначарскі, які яшчэ у 1931 годзе казаў, што «вопрос надо ставить не так, чтобы Центральный Комитет писал лозунги, а писатели подыскивали иллюстрации к ним, а так, чтобы партия, Центральный Комитет среди других информационных материалов читали и писателей и получали от них импульсы для своих постановлений и лозунгов».
Напісаць добры твор нялёгка ва ўсіх адносінах, але яшчэ цяжэй яго надрукаваць. Гэта ж факт, што ў нас лёгка друкуюцца толькі пасрэдныя творы, тыя, у якіх нічога няма, якія падобны на сотні папярэдніх, ужо выпрабаваных выдаўцамі і крытыкай. А тое, што не адпавядае афіцыйным устаноўкам, сустракаецца з недаверам і пераадольвае магутнае супраціўленне ва ўсіх сферах. Практычна аўтар апынаецца перад дылемай: або прыняць патрабаванні выдавецтва і спаскудзіць твор, або той ніколі не пабачыць свету. Нярэдка ў выдадзеным творы дужа няшмат застаецца ад аўтара і ягонай канцэпцыі. Дзіўны і незразумелы гэты ўзаконены недавер да таленту, недавер, які абразлівы сам па сабе для кожнага літаратара і прыніжае літаратуру.
І тым не менш мы мусім пісаць. Мы стаім на парозе вялікіх падзей нашай гісторыі. У нас ёсць пра што пісаць і ніколі не было недахопу талентаў. Літаратура пачалася не ўчора і скончыцца не заўтра. Беларуская літаратура — не толькі тое, што выдадзена ў ведамстве Захара Пятровіча. Дзённікі і нататкі Даўжэнкі, Нікалаевай, Кузьмы Чорнага, шматпакутныя творы Гарэцкага, рукапісныя творы ўсіх часоў і народаў — не менш літаратура, чым шматтомныя шэрагі ў лідэрынавых вокладках. І мне здаецца, што трэба пісаць не толькі пра жыццё народа, але і пра жыццё літаратуры. Варта памятаць, што Лукаш Бэндэ ўвайшоў у нашу культуру гэтак жа назаўжды, як і тыя пакутнікі, якіх ён загубіў. Трэба часцей напамінаць пра той горкі вопыт нашай культуры. Асабліва для тых, хто ўсё яшчэ не страціў ахвоту ў падкутых ботах пагойсаць на яе здратаваным агародзе.