Читать «У добры час» онлайн - страница 8

Іван Шамякін

«Зноў Васіль... Усюды Васіль», — з крыўдай і. адначасова з зайздрасцю падумаў Максім.

Маша пісала яму аб гэтым сватаўстве. Тады ён не звярнуў увагі і адпісаўся вясёлым, бяскрыўдным жартам. Але зараз нейкае незразумелае раўнівае пачуццё заварушылася ў глыбіні душы.

Пасля абеду змораны, ап'янелы Максім лёг адпачываць і моцна заснуў. Прачнуўся ён позна ўвечары і нікуды не пайшоў — напісаў пару лістоў франтавым сябрам і зноў лёг спаць.

Раніцою Максіму стала ніякавата ад таго, што за два дні ён нікуды не схадзіў, не ўбачыўся ні з адным сябрам.

«Прыехаў і сяджу, як мядзведзь у бярлозе. Трэба сёння-ж усіх наведаць. А ў першую чаргу — схадзіць у Дабрадзееўку, у сельсовет, і ўбачыць гэтага свайго старога дружбака Васіля. Пазнаёміцца з сакратаром... Трэба-ж неяк і на ўлік брацца ўжо...»

Дарэчы быў дзень Сталінскай Канстытуцыі. Святочны дзень. Самы раз рабіць візіты. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца.

І раптам у люстэрку ён убачыў, што маці, якая сядзела на нізенькім услончыку перад печчу і пякла бліны, непрыкметна выцірае фартухом вочы. Ён хутка павярнуўся.

— Ты плачаш, мама? Чаго?

Яна паглядзела на яго затуманенымі вачыма, паспрабавала ўсміхнуцца праз слёзы.

— Нічога, сынок. Бацьку ўспомніла. Як ён любіў гэты дзень! Гэта-ж у яго было самае вялікае свята. Ні адно, здаецца, свята ён не святкаваў з такой радасцю. Аж маладзейшым рабіўся, — яна хвіліну памаўчала, схіліўшы галаву, потым схамянулася, выхапіла з печы падгарэлы блін і загаварыла зноў: — У гэты дзень ён і дома апошні раз быў. Прышоў змораны, брудны, але вясёлы такі. Баклажку спірту прынёс. Вельмі шкадаваў, што бліноў нельга было напекчы. Да рання прасядзелі мы з ім у цёмнай хаце. Ён мне аб Сталінградзе ўсё расказваў, цябе і Аляксея ўспаміналі. А на развітанне сказаў: — Ну, кажа, з табой, Сыля, адсвяткаваў, пайду цяпер з хлопцамі адсвяткую... А праз тыдзень... — маці ўсхліпнула.

Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Ён сцёр далоняй са шчакі мыла, падышоў і пяшчотна абняў маці.

— Не плач, мама, — а сам рукавом змахнуў слязу...

3...

Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам і жартамі дамагліся, каб ён паставіў па сто грамаў. Прышлося затрымацца. Потым падышлі новыя людзі і ўжо частавалі яго. Зразумеўшы, што гэтаму не будзе канца ў такі дзень, ён непрыкметна вышаў з крамы і шпарка пайшоў у напрамку Дабрадзееўкі, баючыся, што яшчэ хто-небудзь затрымае і, чаго добрага, зацягне ў хату. На вуліцы з ім віталіся дарослыя і дзеці. Ён ветліва адказваў, хоць многіх з моладзі не пазнаваў.

Ён быў ужо ў канцы вуліцы, як раптам сустрэўся з Машай.

Здарылася гэта вельмі неспадзявана для абаіх. Маша вышла з завулка, які між двух новых хат вёў на калгасны двор. У руцэ яе былі вілы. Апранута яна была ў стары залатаны кажушок, на нагах — буркі з бахіламі, на галаве — шэрая вязаная хустка.

Ад нечаканасці дзяўчына ажно адхіснулася назад. Твар яе спачатку пабялеў, потым заліўся чырванню.