Читать «У добры час» онлайн - страница 6

Іван Шамякін

— Што-ж, тады першага парубшчыка я злавіў...

Максіма гэтыя словы ашпарылі, нібы вар, ён ураз змяніўся з твару. Кроў хлынула ў галаву, застукала ў скронях.

Шаройка, відаць, зразумеў, што моцна закрануў яго за жывое, і хутка падняўся, працягнуў руку.

— Загаманіліся мы з табой. Працуй, а то хляўчук зусім заваліцца, покуль ты прывязеш рамонту. Але, дарэчы... Кажаш, не дапамагалі... А цялушачка? Глядзі, праз месяц-другі — свая карова, сваё малачко...

Максім нічога не адказаў, бо не дайшоў да сэнсу гэтых слоў — іншымі думкамі была занята галава.

— Ну, бывай... Я за балота, на азімыя падзіўлюся, — і Шаройка хутка закрочыў паміж дрэў, шырокаплечы, касалапы, як мядзведзь...

Максім стаяў і глядзеў яму ўслед, ажно покуль постаць яго не схавалася ў нізіне, за маладым бярэзнікам. Тады Максім перавёў позірк на паваленае дрэўца. Яно ляжала танюсенькае, бездапаможнае, вартае жалю. У парубшчыка сціснулася сэрца. А тут яшчэ ў гэты момант, як на злосць, над самай галавой застракатала сарока, быццам зарагатала з яго чалавечых турбот і хваляванняў. Гэта канчаткова сапсавала яму настрой. Ён схапіў сякеру і шпарка рушыў да каня.

2...

Дамоў ён прывёз сухое ламачча ды трэскі, якія наскалваў з старых пнёў.

— А чаму-ж ты на хляўчук нічога не прывёз, сынок? — спытала маці, выгнаўшы дапамагчы яму скінуць з воза.

— Проста не мог, мама, — рука не паднялася. Там-жа нічога не засталося. Столькі высеклі!

Яна павярнулася і пяшчотна паглядзела на сына.

— І добра зрабіў. Я за гэты хвойнік так аднойчы палаялася з Амелькам, што ён і цяпер баіцца сустракацца са мной. Чужыя сякуць, а яму і справы няма. Што яму калгаснае дабро? Яму толькі сваё ўласнае і рупіць... Бач, якім парканам абгарадзіўся. Сабак цэлую зграю развёў...

Словы маці неяк ураз змылі ўвесь той непрыемны асадак на душы, што застаўся ад паездкі ў сасоннік.

Абедалі на скрыні, абабітай іржавай бляхай. Гэтая скрыня з лепшым набыткам больш двух год прастаяла ў зямлі.

Маці заслала яе чыстым вышываным абрусам. Нарэзала гару хлеба. На драўляны прамаслены кружок паставіла патэльню з яечняй. Потым аднекуль з-пад ложка дастала вялікую бутэль чарнічнай настойкі.

— Ды колькі іх там у цябе? — здзівіўся Максім.

Маці задаволена ўсміхнулася.

— Гэтая больш года чакала цябе. Леташняя яшчэ. Так настаялася ўжо, што проста чысты спірт... А колькі тае гарэлкі я ліла...

Ён выпіў шклянку і апетытна закусваў. Маці сядзела насупраць, падпёршы шчаку далоняй, і не зводзіла з сына вачэй.

— Еж, еж, сынок. А то худы ты нейкі.

— А ты, мама?

— Ды ты не глядзі на мяне! Дзе гэта ты бачыў, каб гаспадыня галодная была! Як гатавала, дык насмакавалася.

Калі Максім выпіў другую шклянку і расказаў аб сваёй сустрэчы з старшынёй і аб тым, што ў нядзелю лес на хату будзе ляжаць перад зямлянкай, маці ў адказ раптам ціха паведаміла:

— А я Машу сёння бачыла. На вуліцы спаткала.

Яна не прызналася, што хадзіла да яе знарок.

Максім насцярожыўся: за два дні маці ні разу не ўспамянула пра Машу, а тут так нечакана і, як здалося яму, недарэчы, загаварыла пра яе.