Читать «У добры час» онлайн

Іван Шамякін

Іван Шамякін

У ДОБРЫ ЧАС

Раман

Падрыхтаванае на падставе: Іван Шамякін, У добры час. Раман, — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1958.

Частка першая

1...

Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым наносным пяску і цячэ гэтая невялікая рэчка. Толькі на паваротах яна падмывае то адзін, то другі абрыў, вымываючы з зямлі тоўстыя карэнні, а часам і цэлыя счарнелыя ствалы дубоў.

Некалі тут стаяў лес. Стаяў ён, відаць, не вельмі даўно, бо і цяпер яшчэ на правым беразе захавалася некалькі магутных дубоў. Нібы асілкі, зняўшы шапкі, глядзяць яны ў прастор, упарта не жадаючы скарыцца старасці. Цёмнакарычневыя, нібы абпаленыя агнём лісты сіратліва трапечуцца на іх да самай вясны, покуль не надыходзіць час ім саступіць сваё месца новым, маладым. На левым, больш высокім, беразе ад лесу засталася толькі адна сухаверхая сасна. Яна стаяла ў калгасным двары, якраз насупраць канюшні, таму некалі шурпаты камель яе так быў выцерты жывёлай, што блішчэў, як наглянцаваны.

Гэты бераг быў пясчаны, і пясок з абрыву спаўзаў у рэчку, засыпаў яе. Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей.

А ніжэй маста, адразу-ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг, і берагі рэчкі тут нізкія, балоцістыя, улетку яны так зарастаюць травой, што і зблізку не відаць вады.

Луг цягнецца — як кінуць вокам, ажно да цёмнай паласы лесу, што віднеецца за якіх кілометраў пятнаццаць, падпіраючы там небасхіл. З двух бакоў лугу па ўзгоркі падымаюцца вёскі.

З лугавога боку каля маста быў шырокі плёс.

Максім саскочыў з воза і спыніўся на мосце. Азірнуўся вакол. Палічыў дубы. Да вайны іх было восемнаццаць. Засталося толькі сем.

«Так, на ўсім вайна пакінула свае сляды».

Яму чамусьці раптам захацелася праверыць трываласць лёду на плёсе. Ён адбіў кавалачак мёрзлай зямлі, падышоў да парэнчаў. Але, убачыўшы ў лёдзе некалькі свежых прабоін, шыбнуў свой камяк убок. У палонках ледзь прыкметна калыхалася чорная вада. Толькі адзін камяк не прабіў лёду, мабыць, не з вялікай сілай быў кінуты. З-пад яго ва ўсе бакі, як павуцінне, разыходзіліся белыя трэшчынкі. «Як знаёма ўсё», — Максім адчуў нейкую прыемную цеплыню ў грудзях.

Так, усё вельмі знаёмае, але — дзіўнае пачуццё! — у той-жа час і нейкае не такое, якім было шэсць год назад. Напрыклад, вуліца ў роднай вёсцы здалася вузейшай, рэчка таксама, і адлегласць ад вёскі да яе нібы скарацілася.

Максім, абапёршыся на парэнчы, угледзеўся ў лёд і ўбачыў там сваё адлюстраванне. Было яно цьмянае, невыразнае і калыхалася.

— Але-е, нямала вады сплыло, — прамовіў ён уголас і рушыў за канём. — Но-о, ты! Парожні воз цягнуць не хочаш!

Конік, што быў спыніўся за мастом, чакаючы гаспадара, павольна рушыў далей. Затарахцелі, забрынчэлі пабітыя калёсы, падскокваючы на мёрзлых грудах. Максім ішоў узбоч, весела махаючы пугай.

— Але-ж і грэбелька!.. Няўжо цяжка было адрамантаваць? Як толькі яны ўвосень прабіраліся тут?

Недалёка ад маста — доўгая сажалка. У Максімавай памяці захавалася многа прыгод, звязаных з ёю. Гэта з даўніх часоў было любімае месца дзяцей, асабліва ў такую пару, бо замярзала яна раней, чым рэчка. І цяпер Максім пачуў звонкі дзіцячы смех і ўбачыў, як за кустамі мільгаюць заячыя шапкі.