Читать «У добры час» онлайн - страница 19

Іван Шамякін

— Аднак ты самаўпэўнены.

Васіль нічога на гэта не адказаў — памаўчаў хвіліну, потым спытаў:

— Ну, а ты з чаго рашыў пачаць?

— Я? З жаніцьбы.

— Разумна, — засмяяўся Васіль.

Ішлі па вуліцы. З хат праз вокны падала святло, а таму было тут святлей, чым па гасцінцы. Доўгія палосы з адбіткам рам наўкось перасякалі вуліцу, перакрыжоўваліся пасярэдзіне. Адны з іх былі святлейшыя, другія — цямнейшыя: дзе-нідзе яшчэ гарэлі не лямпы, а газоўкі, зробленыя з гільзаў дробнакаліберных снарадаў. У адной хаце такая «капцілка» чамусьці стаяла на акне і добра была відаць з вуліцы.

Васіль на момант прыпыніўся супраць яе, потым звярнуўся да сябра:

— Хутка «міргалкі» гэтыя электрасвятлом заменім...

Максім свіснуў:

— Фантазія Ладыніна. Табе не здаецца, што ён занадта многа гаворыць. Я люблю людзей, якія менш гавораць, а больш робяць...

— Ладынін якраз з ліку такіх людзей. У цябе дрэнная прывычка меркаваць аб людзях з першага пагляду.

У голасе Васіля пачулася крыўда за свайго партыйнага кіраўніка.

— Ладынін дваццаць год у партыі. Дай божа нам з табой пражыць такое жыццё...

— Я сказаў табе, як сябру, сваё першае ўражанне. Пажывем — пабачым...

— А я ўжо бачу... Мне куды лягчэй стала працаваць, калі ён прыехаў. А прайшло ўсяго якіх тры месяцы. Ты кажаш — многа гаворыць. А я думаю, што добраму большэвіку ўменне добра гаварыць нідзе і ніколі не шкодзіла. Вялікая справа — умець данесці да народа большэвіцкую праўду. Я вось адчуваю, што ў мяне гэта, можа, самае слабае месца. Часам так хочацца ад душы пагутарыць з людзьмі, а пачнеш і скамечыш, не ўмееш сказаць усяго, што адчуваеш і думаеш. А ты кажаш...

— Я маўчу і слухаю, — жартаўліва адказаў Максім.

Спыніліся перад вялікай хатай, што глядзела на вуліцу трыма вокнамі, два з якіх былі ярка асветлены, у трэцяе святло даходзіла аднекуль здалёк.

— А вось і мой дом. Сам не знайшоў-бы ўжо, праўда?

Максім вышаў з паласы святла, падняў галаву, пачаўшы чамусьці агляд зверху. Бялеў зусім новенькі франтон; гонтавы дах быў ужо крыху цямнейшы, але таксама яшчэ досыць выразна вырысоўваўся на фоне чорнага неба. Хата была зрублена з тоўстых, чыста пагабляваных бярвенняў. У Максіма зноў у глыбіні душы варухнулася зайздрасць. Злуючыся за гэта на сябе, ён сказаў:

— Але, і ўначы відно, што хата старшыні калгаса.

Васіль не стрываў.

— У нас поўвёскі такіх хат — зласліва адказаў ён.— А цябе я не разумею. Усё ты ставіш пад сумненне, з усіх кпіш. Ведаеш, скептыцызм не да твару...

— Ну, ну, ты пачаў ужо... І пажартаваць нельга.

У вялікім пакоі, куды яны зайшлі, стаялі два новыя сталы, накрытыя чырвонай матэрыяй, і вялікая шафа. Яшчэ не атынкаваныя сцены былі акуратна, з густам, абклеены плакатамі, дыяграмамі, табліцамі. Віселі ў новых рамках партрэты членаў Палітбюро. На адным стале, што быў прысунуты ў самы кут, стаяў радыёпрыёмнік.

— Вось тут покуль што і наша калгасная канцылярыя і наш клуб. Зайдзі ў звычайны дзень — тут штовечар поўна народа, — Васіль уключыў прыёмнік, пакой запоўніла далёкая музыка. — А вунь у тым пакоі жыве старшыня, — ён адчыніў дзверы ў бакоўку. — Тут мой і кабінет. Старыя — праз калідор, у другой палавіне...