Читать «У добры час» онлайн - страница 21

Іван Шамякін

Але, не гледзячы на ўсё гэта, ён, як і многія армейскія старшыны, праклінаў сваю пасаду і рваўся ў бой, пад агонь, да гармат.

Ён зайздросціў, калі яго сябры, сержанты, малодшыя лейтэнанты рабіліся героямі, атрымлівалі ўзнагароды. Яго-ж за ўвесь час узнагародзілі толькі двума медалямі.

На трэцім годзе вайны Лескаўца паслалі ў ваеннае вучылішча. Курсантам ён быў недысцыплінаваным — атрымаў не адно спагнанне. Але пасля камандзір узвода з яго быў смелы. За першы-ж бой у Прусіі ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны. Неўзабаве яму прысвоілі званне старшага лейтэнанта. У вайне з Японіяй ён ужо камандаваў батарэяй і атрымаў яшчэ адзін ордэн. Яму шанцавала: кулі міналі яго, за ўсю вайну толькі аднойчы яго лёгка кантузіла.

— У сарочцы ты нарадзіўся, Лескавец, — жартавалі франтавыя сябры.

Ён намерваўся пажыццёва застацца ў арміі, і таму нечаканы загад аб адлічэнні яго ў запас здзівіў і пакрыўдзіў яго: няўжо камандаванне лічыць яго слабым афіцэрам?

Лазавенка дэмабілізаваўся ўлетку сорак пятага года са шпіталю. У той час яшчэ амаль палова Дабрадзееўкі жыла ў зямлянках, хоць многія ўжо мелі зрубы. А на калгасным полі быў нізкі ўраджай. Нехапіла нават засыпаць насенныя фонды. Кіравала калгасам добрасумленная, але хваравітая жанчына — Наталля Сядая; у партызанскім атрадзе ў час блакады ў яе загінулі муж і двое дзяцей. У райком, куды дні праз тры пасля прыезду Васіль прышоў брацца на партыйны ўлік, яму адразу сказалі:

— А мы табе ўжо і работу знайшлі, як толькі даведаліся, што ты прыехаў.

Сказаў гэта вясёлы тоўсты чалавек, які сядзеў у кабінеце сакратара райкома. Васіль даведаўся, што гэта старшыня райвыканкома Нікалай Лявонавіч Бялоў.

— Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў.

Васіль разгубіўся ад нечаканасці.

— Чаму адразу так высока?

— Браток ты мой, кадры, кадры! — выгукнуў Бялоў.— А ты-ж трохі не аграном, афіцэр, герой... Выцягнеш, не бойся. Дапаможам.

— Дай чалавеку падумаць, — перапыніў старшыню сакратар райкома Макушэнка Пракоп Пракопавіч, і звярнуўся да Васіля: — Падумайце, маючы на ўвазе гэтую прапанову.

Дома Васіль расказаў аб усім бацьку.

Шасцідзесяцігадовы Міна Лазавенка задумліва пачухаў патыліцу і сказаў:

— А чаго табе, сыне, лезці туды? Ты-б лепей вось узяўся за свой калгас, ды падняў-бы яго, на ногі паставіў. А туды яшчэ паспееш.