Читать «Драма» онлайн - страница 6

Іван Шамякін

Ігар Кіпень, камісар атрада, малы, вяртлявы, усунуўся нагамі ўперад, што хлапчук на коўзанцы, затармазіў, схапіўшыся за верхні касяк дзвярэй, а то мог бы штурхнуць маёра каленямі ў зад, на стол наляцелі б, як было такое тры дні назад, калі ўсходцы абледзянелі.

— Ну, надымілі! — фыркнуў Золатаў.— Не зачыняй дзвярэй, камісар.

— У Навума — жар,— сказаў Аляксей Іванавіч.

— Зноў жар? — спытаў Золатаў. Скінуў кажух, накрыў ім начальніка штаба. Але, адзначыў пільны камандзір, без тае ўвагі і клопату, які звычайна праяўляў да хворага капітана. Праяўляў настолькі падкрэслена, галосна, што бянтэжыў гэтым Брагінскага, здзіўляў Кіпеня і рабіў тую нядобрую раздвоенасць у камандзіра. Можа, не раздвоенасць, а нейкую няпэўнасць думак, пачуццяў, стаўлення. У Аляксея Іванавіча заўсёды была пэўнасць у адносінах да людзей, ва ўсялякім разе памыляўся ён рэдка ў ацэнках сваіх.

Зусім простая і натуральная з'ява: чалавек любіць другога чалавека больш, чым іншых, што акружаюць яго, жывуць побач, разам працуюць ці ваююць. Ён разумеў адносіны Золатава, старэйшага гадоў на дванаццаць, да Брагінскага. Так ён, Ман, любіць равесніка свайго сына, рамантыка і фантазёра Ігара Кіпеня, любіць больш сардэчна, чым іншых у атрадзе, можна сказаць, па-бацькоўску. Гэтак жа палюбіў і Навума. На вайне, можа, і не да такой сентыментальнасці, але чалавек ёсць чалавек. А Золатаў любіць Брагінскага неяк не так. Аляксей Іванавіч адчуваў гэта сэрцам, а вытлумачыць розніцу не мог.

Непадкрэслены, бадай, няўважлівы клопат Золатава аб Брагінскім — накінуў кажух, і ўсё — вытлумачыць лёгка. Золатаў чалавек аднаго настрою, спалучаць гаму пачуццяў не ўмеў, але настрой свой, няхай і цэльны, скрываць умеў. Пасля сеансаў радыёсувязі ён не першы раз з'яўляўся ў такім стане — усё роўна што морфій сабе ўкалоў.

Золатаў, напэўна, выдаў бы сваю ўзбуджанасць тым, што крочыў бы па пакоі, каб знаходзіўся ў прасторным кабінеце. Але ў зямлянцы дзе пройдзеш? Клетка. Абышоў вакол печкі, накрыў Брагінскага кажухом, сеў з другога боку століка на лаўку, укапаную ў зямлю.

Ман рэдка майстраваў лыжкі-міскі ў прысутнасці Золатава. Маёра гэта крыўдзіла, аднойчы ён раздражнёна спытаў:

«Ты чаму хаваешся ад мяне?»

Камандзір схаваў місачку пад стол, у кош.

Золатаў узяў са стала вялікую міску, грубай работы — ці то негатовую яшчэ, ці то прызначаную для атраднай кухні, для самай празаічнай патрэбы,— пакруціў у руках, потым, здавалася, і нямоцна стукнуў ёй па калене і... пераламаў папалам.

На міг, на вельмі кароткі міг, усталявалася нядобрая цішыня, якую называюць узрыўной. Брагінскі стаіў хворае дыханне. Але такая цішыня ў гэтай зямлянцы ўзнікала і раней. Узарвалася яна толькі аднойчы. Аляксей Іванавіч проста сказаў:

— Брак. Сучок.

Узяў палавінкі з рук Золатава, адчыніў дзверку буржуйкі і кінуў асінавыя «чарапкі» ў жаркае полымя. Папляваў на апечаныя пальцы. Ігар як бы раптам успомніў, што яму трэба рабіць. Пачаў грэць над печкай рукі, весела паціраючы іх, быццам пачуў штось вельмі прыемнае.