Читать «Драма» онлайн - страница 4

Іван Шамякін

Аляксея Іванавіча ні разу не ашаламіў. Той спакойна адказваў: «Правільна, адгадаў. Пра што яшчэ думаць у такой сітуацыі?» А часцей пасміхаўся: «Пацэліў ты, Навуме, у белы свет як у капеечку».

У той вечар Брагінскі асабліва сачыў за камандзіравым тварам. Такая ўвага адцягвала думкі ад болю ў грудзях і сцішала кашаль.

— Аляксей Іванавіч, мне здалося, вы паказалі камусь фігу. Не мне?

Ман засмяяўся.

— Не, мой дарагі начальнік штаба. Не табе. Злосную — Гітлеру. Ласкавую — Дзядзюлю.

— Вясёлая ў вас дружба.

— Вясёлая. Не здзіўляйся. У мяне прывычка. Я ім, раённым работнікам, часта паказваў фігу, калі яны прыязджалі па спірт. Толькі энкавэдэшніку не адмаўляў. Каністры наліваў...

— Баяліся?

— Дрэнна ты думаеш пра свайго камандзіра. Але адкажу табе шчыра. Баяўся. Дзеянні гэтых саўработнікаў немагчыма было ў той час ні прадказаць, ні прадбачыць.

— У які час?

— Калі мяне з наркамата, палячыўшы ў санаторыі, паслалі на спіртзавод. Некаторыя зайздросцілі: пусцілі шчупака ў раку. Але які я шчупак! Нават не акунёк. Плотачка.

Брагінскі ведаў, што больш года, другая палавіна трыццаць сёмага і першая трыццаць восьмага, як бы выпадала з біяграфіі Аляксея Іванавіча. Маўчаў ён пра гэты год. І малады ідэаліст не адразу нават сцяміў, што здарылася. Дзіўна. Чытаў жа пра суды над маршаламі, камандзірамі, ведаў пра арышт камандзіра іх палка, пра самагубства камдзіва. Верыў, што яны завербаваныя фашысцкай разведкай. Верыў да самай вайны. А калі ляжаў ранены ў бальніцы і яму адкрыта, адзін доктар — са злараднасцю, перадаваў пра трыумфальнае наступленне немцаў на Маскву, вера яго ў вышэйшую справядлівасць, у мудрасць правадыра пахіснулася. І тады яму не хацелася жыць. Добра, што Ванда хутка забрала яго ў сваю хату на Старажоўцы. Яе незвычайны аптымізм, а яшчэ больш перакананасці, яе маці, работніцы хлебазавода, што нашы ўсё роўна перамогуць, вярнулі яму жаданне жыць і змагацца. А ў атрадах прага жыцця вырасла да таго, што думка пра смерць — не ў баі — ад старой раны аблівала потам. Не кашляў, сціхаў боль — і гэта ўжо было шчасцем. Больш за ўсё баяўся быць абузай для таварышаў.

Брагінскі з замілаваннем любаваўся ўмелымі рукамі разьбяра, з'яўленнем на місачцы адмысловага ўзору — як бы галінкі з гронкамі вінаграду.

— Для каго такая прыгажосць?

— О, брат! — камандзір падняў на растапыраных пальцах бялюткую місачку над галавой, да ліхтара, нібы яна прасвечвалася, як шкляная,— Не пытай. Ёсць у мяне любоў. Сябровачка. Лідачка з Загайкі. Чатыры гадочкі. Ёй місачка. Толькі не выдавай маю любоў. Я — прымхлівы.

Начштаба засмяяўся — ад шчасця, праява пяшчоты да дзіцяці асабліва кранула, свае двое недзе чакаюць яго. Дзе? Але зноў печка пыхнула дымам. І зноў ён закашляўся, праўда, на гэты раз не так пакутліва і працягла.

— Ведаю адну бабулю. Травамі лечыць. Сціхне завіруха — паеду прывязу табе поўны набор траў. Да таго часу хлопцы лазню збудуюць. Выганім тваю хваробу, не бядуй. Пабачыш, якую я бочку зраблю для лазні. Жалеза на абручы дасталі. Каваль свой...

— Молат не падніму.

— Была б накавальня. А малатабойца мы табе дамо. Асілка.