Читать «Драма» онлайн - страница 5

Іван Шамякін

— Каваль з мяне... хіба ў тэорыі. Бацька так і казаў: галава ў цябе варыць, а рукі не для молата. Каваля хацеў з мяне зрабіць, але на сучасным узроўні — інжынера-металурга. А я адзін год павучыўся ў Днепрапятроўску і ў ваеннае падаўся. Прызнацца вам? Пасля шкадаваў. Вучыўся я выдатна і камандаваў, здаецца, нішто, але душа, як кажуць, не прынімала. Парадкі ваенныя. Можаце паверыць? За паўгода да вайны мяне камандзірам палка хацелі зрабіць...Дык як я спалохаўся! Нічога так не палохаўся. Начальнік штаба дывізіі зняважліва заключыў, калі я замахаў рукамі і нагамі: слізняк. Вы так не думаеце?

— Ды не, што ты! Проста мы з табой цывільныя людзі.

— Былі. Цяпер я стаў ваенным. Цяпер я рвуся ў бой. Калі абстралялі грузавікі на шашы і скасілі фрыцаў дзесятак, мяне ажно калаціла ад нейкай проста шалёнай радасці. Нядобра гэта? Загубіць людзей — і радавацца...

— Добра. Гэта наша нянавісць. Без яе такога ворага не адужаць.

— Так, нянавісць,— Брагінскі задумліва памаўчаў.— І любоў... Каб была нянавісць, павінна быць любоў. Як думаеце, Аляксей Іванавіч, эвакуіраваліся мае?..

— З Оўруча? Адтуль нельга было не выехаць. Калі Гітлер сунуўся на Палессе? Там у ліпені рэкі разліліся больш, чым у вясновы паводак...

— Залішне мы спадзяваліся на водныя рубяжы.

Пэўна, і гэта іх збліжала — лёс сем'яў. Праўда, у камандзіра ўпэўненасці, што яго сям'я на Урале ці яшчэ далей, было больш: ён сваіх паспеў адвезці ў Барысаў і пасадзіць на поезд. Жонку і дзвюх дачок, немаленькіх ужо, малодшай дванаццаць. Больш балела сэрца па сыне, той служыў у арміі, на Поўначы. Які яго лёс напаткаў у карэльскіх лясах? Аднак дзіўна: пра дачок ён ахвотна расказваў таварышам, Брагінскаму, можа, больш, чым каму,— разумеў, што ў бяссонныя ночы думаюць яны аб адным і тым жа. Пра сына амаль не гаварыў, як бы прымхліва баяўся, што бацькоўскі боль і смутак дойдуць да хлопца ў хвіліну смяртэльнай небяспекі і адцягнуць яго ўвагу ў баі. Верыў у тэлепатыю, у прыкметы, такім выхавалі ў маленстве. Да вайны смяяўся з гэтых бабскіх прымхаў, са сноў, хоць яны нярэдка спраўджваліся. А цяпер ставіўся да ўсіх гэтых «дзівосаў» з сур'ёзнасцю, якой, аднак, саромеўся; даведаюцца — смяяцца будуць: член партыі, а верыць у чартаўшчыну ўсялякую. Здзіўляўся супярэчлівасці сваёй натуры і баяўся яе. Раней быў больш цэльны, да трыццаць сёмага. А пасля раздвоіўся і растроіўся. Праўда, пасля арганізацыі атрада пачалі зрастацца гэтыя палавінкі. А потым зноў трэскалі. Пасля з'яўлення Золатава. Вось і цяпер. Працуе разцом, нажамі, размаўляе з Брагінскім, а сам пазірае на дзверы і ўпотай думае: няхай бы Золатаў затрымаўся каля рацыі надаўжэй. Не можа ён пры ім лыжкі скабліць. І размаўляць так не можа — пра сям'ю, пра дзяцей, пра міскі, стравы, пра перажыванні свае, не камандзірскія — чалавечыя.

І вось, калі ласка, яшчэ адна чартаўшчына з таго рада: толькі паспеў падумаць, а ён тут як тут — Золатаў.

У адчыненыя дзверы шугануў вецер, абдаў лысую галаву халодным шротам, сняжынкі ажно зашыпелі на шкле ліхтара.

Золатаў уваліўся ў вузкі праём дзвярэй галавой уперад, апрануты ў белы кажух і ў цывільную шапку са шкуры беляка. «Першы перайшоў на зімовую форму»,— падумаў Ман.