Читать «Драма» онлайн - страница 8

Іван Шамякін

Так пачаў дзейнічаць Золатаў, напачатку залішне ўпэўнена. Паслаў у Мінск разведчыка. Той не вярнуўся, тыдзень чакалі. Толькі пасля гэтага ўстанавілі сувязь з сялянамі, пачалі звяраць свае тэарэтычныя веды з рэальнай абстаноўкай. Зверка дала сумныя вынікі. Настрой упаў да нулявой адзнакі. Другі разведчык, мінчанін, напрасіўся сам пайсці ў горад і таксама не вярнуўся. Гэта нагнала амаль паніку на адважнага маёра, ён упэўніў сябе, што калі не абодва, то другі разведчык здрадзіў свядома. Золатаў пачаў падазрона адносіцца амаль да кожнага са сваіх людзей. Каго яму падабралі? Усе беларусы, ва ўсіх тут, у акупацыі, сваякі. Пачаў адступаць ад Мінска. Адыходзіў на паўночны ўсход, можа, інстынктыўна бліжэй да фронту, хоць добра разумеў, што, не выканаўшы заданне, выходзіць не мае права, нават адзін, палажыўшы ўсю групу, бо доказаў сваёй карыснай дзейнасці не прынясе, а без гэтага яму не даруюць. І так лічыў, што генерал мае на яго зуб, таму і паслаў сюды, дзе ён актыўна працаваў у гады «вялікай чысткі», хоць і дурню бачна, што для дыверсійнай работы ў горадзе ён падыходзіць менш, чым хто.

Групе пашанцавала ўрэшце: зусім выпадкова яны сустрэліся з манаўскім атрадам. А ў атрадзе ў сваю чаргу ўзрадаваліся: вопытныя людзі, амаль усе, акрамя радыста, камандзіры, сярэднія ці малодшыя, а галоўнае — рацыя, пра якую марылі даўно і ўпотай лаялі падпольны райком, які дзяліў такія «пасылкі» з Вялікай зямлі паміж атрадамі; іх абыходзілі, ільвіная доля заставалася штабу брыгады, а з асобных атрадаў — Дзядзюлю.

Але хутка, раней чым хто, Аляксей Іванавіч зразумеў, што набытак іх не з радасных. Золатаў, спачатку ўпотай, але з лісінай хітрасцю, пачаў дзейнічаць з мэтай заняць месца камандзіра атрада. Гэта было так. Золатаў адразу сцяміў, што яму сапраўды такі пашанцавала — што трапілі яны ў невялікі атрад. Стаць камандзірам — яго ратунак. Толькі гэтым апраўдае ён невыкананне задання — нявыхад групы на Мінск. Цэлы атрад арганізаваў! А Мана спалохала не тое, што ў яго забяруць атаманскую булаву (Ігар жартаўліва і ласкава называў яго «бацька атаман»). Пасля напружанага роздуму нечакана ўспомніў, дзе ён бачыў Золатава раней. Во таемная сіла асацыяцыі! Як толькі ў атрад заглянуў ад Дзядзюлі былы начальнік аддзела НКУС суседняга раёна — уміг як высветліла. Там! Там ён бачыў Золатава — дзе яго пратрымалі без малога год. Нават сустрэча ўспомнілася да дэталяў: позна ўначы ў даўгім і цёмным калідоры новага, але змрочнага будынка па Савецкай вуліцы. І ён амаль спалохаўся. Мець такога чалавека побач ды яшчэ з яго жаданнем «выхапіць булаву»... Чаму сам Золатаў адразу не прызнаўся, што ён тутэйшы, мінскі? Пакуль не прагаварыўся адзін з яго байцоў. Ігару сказаў. І той па прастаце сваёй ляпнуў, як кажуць, у лоб:

«Якаў Міхайлавіч! А да нас дайшлі чуткі, што вы мінчанін».

Золатаў натапырыўся, як загнаны ў куток кот.

«Хто гэта прыносіць такія чуткі?» — хоць адразу сцяміў, што выдаў яго хтосьці са сваіх, і моцна абурыўся. Хто? Дамаўляліся, што ў любой сітуацыі, ні ворагам, ні сваім, не выдаваць, хто ёсць хто, кожны з іх меў па два фальшывыя прозвішчы. Праўда, у атрадзе назвалі сапраўдныя.І,відаць, дарэмна, падумаў маёр. Нікому,выходзіць,нельга верыць, усе вакол — шпіёны.