Читать «Смерць — мужчына» онлайн - страница 5

Адам Глёбус

Затое засталася падушачка для iголак, якую я сам шыў для мацi пад Восьмае сакавiка. З гэтай падушачкай, вядома, пакуль што без iголак, любiць гуляць мая пяцiгадовая дачка Ядзя.

Укленчыўшы за шафаю, я кляў алоўкi, — напэўна так цi амаль так. Пецька Ярмоленка праклiнаў падручнiкi. Акрамя таго, што ён пляваў людзям на галовы i аблiваў прахожых канцылярскiм клеем, Пецька ўвайшоў у гiсторыю пад'езда адным неверагодным учынкам. Ён адарваў вокладку ў сваiм буквары, бо не любiў чытаць, i спусцiў абязвечаны падручнiк ва ўнiтаз. Як той буквар дайшоў з трэцяга на першы паверх? Не ўяўляю. Але так яно было. Унiтаз на першым паверсе, у кватэры настаўнiка фiзiкi, забiўся, i ўсё "дабро" паплыло-павярнула на падлогу. Настаўнiк насiў вёдрамi тое "дабро" на двор i вылiваў на кветнiк. А куды? Смурод стаяў жахлiвы. А мух было столькi, быццам яны з усяго раёна да нас у двор прыляцелi. Прыехалi сантэхнiкi i нiчога зрабiць не могуць, смяюцца, кажуць настаўнiку — насi. Ён, бедны, тры гадзiны, а можа, i болей цягаў вёдры. Змогся. Колькi можна? Узяў ён сякеру i прасек у падлозе дзiрку, каб "дабро" ў сутарэннi цякло. А яно, як назло, перастала цячы, бо сантэхнiкi нарэшце выцягнулi з трубы спляжаны буквар. Падлогу адрапаравалi хутка, тыя ж сантэхнiкi прынеслi дошку. Распiлавалi яе i прыбiлi, адно што не фарбаваная, але гэта неiстотна. А вось са сцяною ў кватэры настаўнiка фiзiкi было горш, чым з унiтазам i падлогаю. Сцяна памiж кухняю i спальняю трэснула. Ломкая лiнiя, як тая рэчка ўвесну, хутка пашырэла, i з-пад столi вывалiўся вялiкi кавалак бетону. Рабочыя з домакiраўнiцтва прывезлi некалькi бярвенняў i зрабiлi падпоры, каб, крый Бог, не абвалiлася столь. Недзе з год настаўнiк жыў у кватэры з някоранымi сасновымi бярвеннямi, пакуль не паставiлi новую сцяну.

А ў нашай кватэры, на сцяне пад самай столлю, ад вiльгацi началi расцi чырвоныя i дробныя грыбы. Іх саскрабеш, а яны зноў пасля дажджу вылезуць. Саскрабаў iх звычайна бацька, якi вярнуўся з чужой сталiцы i не мог больш як год уладкавацца на працу, пакуль не вызвалiлася месца на кiнастудыi. Бацька прыносiў мне абрэзкi кiнастужак з каляровымi рыбамi i звярамi. Я паказваў тых слайдавых звяроў брату, якi не ўмеў яшчэ гаварыць i больш за ўсё на свеце любiў сядзець на руках у сваёй нянькi.

За няньку ў яго была старэнькая настаўнiца, што колiсь выкладала ў Наваградку польскую мову, вядома, пакуль горад не вызвалiлi ад панскага прыгнёту i панскай мовы, лiтаратуры i культуры адпаведна. Зрэдку нянька гаварыла з бацькам папольску, i мне было цiкава слухаць усе гэтыя пшэ, чэч, гэньсь, бжэ. Мне здавалася, што гукi вельмi падобныя да галасоў страў на кухоннай плiце. "Пш-пш-пш", — гаварыла пара, калi другая нянька варыла бульбу "ў мундзiрах". Першая пераехала з Мiнска ў Гародню, каб штодня хадзiць "да касцёлу". Другая нянька была праваслаўная i самаахвярна пасцiлася, цэлымi тыднямi ела адно бульбу i пiла кiпень без цукру, а ўвесь заробак, дваццаць пяць рублёў на месяц, аддавала царкве. Абодвум нянькам было вельмi цяжка хадзiць на пяты паверх, лiфта не было.