Читать «Смерць — мужчына» онлайн - страница 13

Адам Глёбус

— Я...

— Ты. Не крычы. Ты — юрлiвы кныр — хацеў згвалцiць дзяўчыну, а мы не далi. Вось i ўся раскладка. Або мы цябе здаём, i ты атрымлiваеш тэрмiн за спробу згвалтавання. Сведкi ёсць. Тры — адзiн. I ўсё на нашу карысць. Або ты плацiш няўстойку i цiха валiш на правiнцыю займацца жончынай мастурбацыяй.

Пасля гэтага маналога я ажно ўспацеў.

— Грошы я дам. Але тут цёмна. Трэба выйсцi на вулiцу.

— А вось на вулiцу не трэба выходзiць, — зашаптаў Сяржук. — Калi i дасi дзяўчыне на рубель больш, яна не пакрыўдзiцца. Лiза, ты ж не пакрыўдзiшся, калi атрымаеш больш?

Адказу не было.

Камандзiровачны дастаў партманет. Сяржук схапiў яго i яхiдна прамовiў:

— Я перадам. У мяне — як у дзяржбанку.

У гэтым гiенавым жарце i была памылка.

Камандзiровачны крутнуўся ўсiм сваiм сытым целам, вырваўся з маiх рук, размахнуўся i ўдарыў Сержука па горле. Той схапiўся за шыю i ўпаў на бок. Я атрымаў локцем у нiз жывата, i мяне зламала напапалам. Рыта ўскрыкнула i вылецела з нiшы. Камандзiровачны сагнуўся, схапiў партманет, пераскочыў цераз Сержука, якi курчыўся на падлозе i нiяк не мог ухапiць паветра. У мяне пазелянела ўваччу, i я ўбачыў сотнi маленькiх iскрынак, што танчылi ў паветры. Рыта ўкленчыла над Сержуком. Камандзiровачны ламануўся ў дзверы.

Войкнула пакрыўджаная спружына.

— Сяргей! — закрычала Рыта.

— Хутка наверх, — я дапамог iм падняцца.

Мы дабеглi да брудна-блакiтных дзвярэй. Праз гарышча выбралiся ў суседнi дом, праз ярка асветлены пад'езд вылецелi на вулiцу. Беглi мы хутка. Я нават забыўся на свой боль у жываце. Спынiлiся толькi каля бара ў цёмным двары, спрэс застаўленым прыватнымi машынамi.

* * *

— Я зараз, — кiнуў Сяржук хрыплым голасам i памкнуўся да дзвярэй з шыльдачкаю: "Чужанiцы ўваход забараняецца".

— Стой, — я схапiў яго за крысо джынсовае курткi.

— Каньяк забяру. Ды пусцi ты. Не заявiць ён. П'яны, разумееш, у чужым горадзе, а мы цвярозыя.

— А Лiза? — кiўнуў я на Рыту.

Сяржук спынiўся i павярнуўся да яе, тая вытрасала каменьчыкi з красовак, не раўнуючы — чапля на адной назе.

— Ён табе не казаў, у якiм гатэлi спынiўся?

— Не казаў. А што? — яна абула красоўкi.

— Трэба морду яму набiць, — Сяржук згарнуў кулакi.

— Раз набiлi, хопiць. Лепш па каньяк iдзi.

Сяржук павярнуўся да мяне i развёў рукамi:

— Ты чуеш? Яна мяне пасылае. Не, ты на яе толькi паглядзi... Дык у якiм гатэлi ён спынiўся?

Я ўклiнiўся памiж Рытаю i Сержуком. Толькi гэтага яшчэ не хапала, сямейнае сцэны каля бара.

— Спакойна, Сяржук. У бар пойдзе яна. А жывот мне балiць не менш за тваё горла. Зараз палякуемся.

— Сапраўды, я зганяю па каньяк. Усё ж нармальна скончылася.

— Ідзi. Горла балiць...

Рыта прынесла каньяк у бутэльцы з-пад мiнералкi, колбу бармен пашкадаваў.

* * *

Рыцiна iнфантыльнасць была бязмежная. Яна мяне абяззбройвала, як i прахалодная ружовасць яе вiльготных рук. I жаданне ўдарыць мокрым нажом у белую шыю падалося мне смешным, але толькi на адно iмгненне.