Читать «Смерць — мужчына» онлайн - страница 15

Адам Глёбус

Калi ўзнiкненне мянушкi Морква акрэслена дакладна, дык час з'яўлення агню ў Слававай душы невядомы. Пэўна, ён гарэў ад самага нараджэння i нават у самыя лютыя маразы праяўляўся густым рабацiннем на блакiтна-шархатай скуры.

2.

Пазнаёмiўся я з Ракiцкiм у iнстытуце, на факультатыўным семiнары па гiсторыi архiтэктурнай кампазiцыi.

Прыходжу на семiнар, а ён сядзiць за выкладчыцкiм сталом i забаўляецца з навостраным алоўкам: пастуквае па сшытку не то тупым канцом, не то завостраным.

Выкладчык, Алег Уладзiслававiч Хадыка, iнтэлiгент i фiлосаф, сказаў, што заняткi правядзе Расцiслаў Васiльевiч Ракiцкi, супрацоўнiк рэстаўрацыйных майстэрняў.

Мы пачалi разбiраць кампазiцыю карцiны iтальянскага маньерыста Перуджына "Ператварэнне Саўла ў Паўла", зробленую паводле бiблейскага сюжэта: Бог скiнуў з каня воiна Саўла, i той ператварыўся ў казаннiка апостала Паўла. Незаўважна з бiблейскiх цытатаў мы саслiзнулi на лiрыку. Маньерызм вельмi коўзкi — усё цячэ, усё мяняецца, саслiзгвае, скажаецца, выпадае з рук. Разбiраць кампазiцыi маньерыстаў ледзь не тое самае, што збiраць паасобку на паперку ртутныя шарыкi, выпушчаныя з градуснiка. Мы канчаткова заблыталiся ў пiшучай павуце недакладных цытатаў. Вось тады Ракiцкi i пажартаваў, прачытаў трохрадкоўе:

Няўжо вы, пташкi, Зведалi адзiноту Па-над зямлёю?!

Ён запэўнiў, што гэта верш японскага паэта Мацуа Басё. XVII стагоддзе, удакладнiў Расцiслаў Васiльевiч. Мы паверылi, XVII стагоддзе — гучыць вельмi пераканаўча i свежа, асаблiва ў iмперыi, дзе на працягу дзесяцiгоддзяў навязваўся расейскi культ XIX стагоддзя з ягонымi фiласофiямi, лiтаратурай i мастацтвам... Але вернемся на семiнар. Калi Пiранезi ды Пiзанела мы ўжо адрознiвалi, дык уся японская класiка вершаскладання ад Басё да Іса выглядала аднолькава: што Ранран, што Бусон. I ўсё ж, нягледзячы на гэткi адукацыйны прагал, мы з гонарам выйшлi з крывых лабiрынтаў маньерызму i адкрылi для сябе выгнутае люстэрка iх рафiнаваных кампазiцый.

А тое, што Расцiслаў Васiльевiч пажартаваў, высветлiлася толькi праз год.

Мой аднакурснiк, меланхалiчны Хведар Лось, якi таксама меў гонар наведваць факультатыў, зрабiў шрыфтавы плакат, дзе напiсаў працытаванае трохрадкоўе. Я да таго часу паспеў даведацца, што Басё стварыў — i сапраўды ў XVII стагоддзi — школу хайку, але каму належаў верш, прачытаны Ракiцкiм, заставалася таямнiцаю. Ажно пакуль сам Расцiслаў Васiльевiч, стоячы каля Хведаравага плаката, не сказаў, што трохрадкоўе пра пташак уласна ягонае.

Ракiцкаму не адмовiш у пачуццi гумару, калi яно ёсць, дык ёсць, нават такое гiпертрафаванае — жарт доўжыцца год. Зрэшты, у яго ўсё не зусiм нармалёвае.

"Нармальная ненармальнасць", — казаў Морква пра iншых, а пра сябе разважаў: "Ну скажыце, цi ёсць больш абсурдны занятак за прафесiю рэстаўратара? Зноў донкiхоцтва, зноў беспаспяховае змаганне з ветракамi. Штодзённае пераконванне сябе i ўсiх, што i пасля смерцi будзе доўжыцца тваё жыццё, толькi ўжо ў рэчах, у адрапараванай матэрыi. I адпаведна працягласць жыцця будзе залежаць ад майстэрства рапарацыi. О, гэтая вечная эксгумацыя ды латанне дзiрак. Фастрыгаванне жывога з нежывым, мiнулага з сучасным. Казка пра жывую i мёртвую ваду, перанесеная ў рэальнасць. Культ шва. Вось што такое рэстаўрацыя. I цi не смешнае ўсё гэта сiзiфава намаганне? Цi нармальнае яно?"