Читать «Бліндаж» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
Яна падышла да шырокай варонкі-яміны, зірнула ў яе. Але там было пуста. Сугліністыя глыбіны-вывараціны грувасьціліся па берагах, камякі зямлі абсыпалі ўсё іржышча навокал, але найбольш гарматку і небараку, забітага пры ёй. Як за яго ўзяцца, яна ня ведала, пастаяла побач, гнятліва ўзіраючыся ў яго разьбітую, скарэлую патыліцу. Затым, пакінуўшы рыдлёўку, дакранулася да яго пляча, пахінула. Забіты не скрануўся з месца, бы скамянеў, і яна другі раз з вялікай натугай ледзьве пераваліла яго на бок. Гэта сапраўды быў маладзенькі салдацік з худым вузкім тварыкам, адно вока яго было неяк дужа заплюшчана ці, можа, запухла, а другое, нібы ашклянелае, недаўменна пазірала ўдалячынь. Падкорчаныя пад сябе рукі так і засталіся падкорчанымі, з бруднымі, растапыранымі пальцамі. Што было рабіць далей, дык яна і ня ведала. Пэўна, пахаваць, але як? Яна азірнулася, і зноў яе позірк натрапіў на яму побач усё з тымі ж забітымі. Мусіць, іх складвалі туды, ды не пасьпелі закапаць, падумала Серафімка і падышла да ямы бліжэй. Але ці складвалі — неяк дужа ўжо бязладна яны месьціліся там: два сядзелі на дне, утыркнуўшыся галовамі ў земляную сьцяну гэтай цесьненькай яміны, трэці ляжаў бокам, падвярнуўшы галаву ў пілотцы з забінтаваным плячом. Бінт на ім быў скрозь у сухіх плямах крыві, кроў была на ягоных грудзях і відаць была на ложы вінтоўкі, што тырчэла побач з-пад накіданай выбухам зямлі. Лезьці ў яму, каб там паправіць каго, Серафімка не наважылася, на тое яна ўжо не магла пераадолець сябе. Яна толькі з адчайнай рашучасьцю ўзяла пад пахі забітага і пацягнула яго да ямы. Забіты аказаўся даволі цяжкі, заграбаючы гамашамі зямлю, трохі пасунуўся, але яго брызентавая сумка, што вісела на левым баку, зачапілася за станіну і не давала валачы яго далей. Серафімка паклала забітага на зямлю, адчапіла сумку. Мусіць, сумку трэба было б зьняць, але яна не хацела нічога тут перайначваць, думала: хай яны так ужо і застаюцца ў зямлі са сваім майном. Яна неяк усё ж падвалакла цела да яміны і, прытрымліваючы за нацягнутую падкурчаную руку, бокам апусьціла яго ў яму, на плечы тых, [хто] ўжо назаўжды месьціліся там. Затым старанна перахрысьціла ўсіх у яміне, перахрысьцілася сама і ўзялася за рыдлёўку.
Закопвала яна доўга, з перапынкамі, аж угрэлася, расшпіліла заношаны картовы сачок, адхінула з галавы цёмную хустку. Дожджык быццам перастаў, але вецер не сунімаўся, неба было спрэс хмарнае, трывожнае, угары плылі-кудлычыліся нядобрыя шэрыя аблокі. Аддыхваючыся крыху, яна паўзіралася па схіле ўніз, дзе па йржэўніку і над балацявінай вілася блытаная вужака траншэі з таропка абкладзенымі травой і дзірваном берагамі. Дзірвану там, аднак, засталося няшмат, так усё там было перакапана выбухамі, тлустыя плямы ад якіх чарнеліся абапал траншэі і спрэс па ўсёй касагорыне, дзе трохі радзей, а дзе так густа, што не было і сьледу ад іржэўніку, усё там чарнелася ад вывернутай з глыбіняў, намоклай ад дажджу зямлі. Нешта там уладарна прыцягвала яе позірк, нібы адчувала яна, што і там патрэбна яе ўвага. І яна зноў бралася гарнуць на забітых зямлю з берагоў яміны-акопчыка, ужо добра засыпала іх, засталося тырчэць з зямлі толькі зялёнае, з нашытым лапікам калена верхняга забітага. Але во і калена схавалася пад нятоўстым пластом дробнага глею. Тады ёй стала спакайней, і яна ўжо павольней давяршыла сваю сумную справу[: ] засыпала яму і нават трохі награбла ў дадатак наверх — атрымалася нібы магілка. Ды, мусіць, і сапраўды навек застанецца гэта магілкай для чатырох небарак.