Читать «Бліндаж» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
За бульбянішчам трэба было павярнуць па касагорыне ў лог, дзе з-за кусьцікаў шырока адкрыўся вялікі лугавы прасьцяг: даўняе выпрацаванае тарфянішча, цяпер чорнае, пустое, залітае па канавах ды ямах стаялай вадой. Там і далей спрадвеку ляжала балота з чэзлымі хамлакамі кустоўя, алешніку, рэдкімі астраўкамі нізкарослага балотнага хвойніку; праз яго, аднак, бег старажытны брукаваны тракт, за які, мусіць, і ўсчалася гэтая ваенная калатнеча. Перад тым чырвонаармейцы дзён колькі капалі пагорак, схіл, акопваліся на ўскрайку тарфянішча, накапалі тут безьліч нейкіх крывуляк-нораў, ямінаў, круглых, бы скавародкі, пляцовак — для гарматаў ці што. Учора пад вечар, як Серафімка, баючыся і дужа цікавячыся адначасна, падышла да таго пагорку, дык аж прысела ад раптоўнай нутраной жудасьці — ніжэй ля кусьцікаў на краі вывернутых з глыбіні вывалінаў зямлі ляжала на баку невялічкая гарматка з кароткім ствалом, і за ёй ніцма аблягаў на жалезнай станіне нежывы чырвонаармеец, спрэс абсыпаны камякамі дробнай зямлі. Яна тады доўга ўзіралася ў яго здаля, думала, можа, пашавеліцца, можа, яшчэ жывы. Але не, не пашавяліўся, быў забіты, яна зразумела тое, калі ўсё ж падышла бліжэй і згледзела на яго стрыжанай патыліцы рудую карыну засохлай крыві. Яна яшчэ паўзіралася ў яго, стараючыся неяк адолець свой страх, ды так і не адолеўшы яго, памалу падышла па траве да гарматкі. Твару забітага не было відаць, і не пазнаць было, якога ён веку, хіба што яго танклявая шыя, што вытыркалася з расхінутага каўняра гімнасьцёркі, давала зразумець, што гэта зусім яшчэ малады хлопец. Мусіць, ён ляжаў тут даўно, колькі дзён, ягоная гімнасьцёрка на сьпіне трохі абсіверала на ветры, а бакі і ўсё іншае пад ім было сырое і цёмнае, — ад дажджу ці крыві. Серафімка падышла зусім блізка, ступіла на кучу сырога мяккага глею, за якім зеўрала глыбокая вузкая яміна, страхавіта зірнула туды і жахнулася яшчэ болей: у яміне ляжалі і яшчэ забітыя. Нельга сказаць, што Серафімка так ужо баялася нежывых людзей — за свае сорак гадоў яна крыху нагледзелася на нябожчыкаў — мужчынаў і жанчын, маладых і старых, пахавала бацькоў, але тое было ўсё ня так. Там былі здаўна знаёмыя, свае, родзічы; ды і нябожчыкі зусім ня тое, што забітыя, скрываўленыя ды пакалечаныя салдаты.