Читать «Бліндаж» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Тады яна ўторкнула збоч рыдлёўку, перавязала на галаве хусьцінку, спакайней агледзелася. Апроч заваленай набок гарматкі месцамі ў зямлі відаць былі раскіданыя гільзы ад снарадаў і нават цэлыя, нястрэленыя снарады з вострымі блішчастымі галоўкамі; снарады, мабыць, былі і ў паламаных драўляных скрынках, што трохі вытыркаліся збоч з нейкае рытвіны. Але яна ня стала чапаць таго вайсковага начыньня — ня дай бог стрэльне. Галоўнае яна ўжо зрабіла — схавала ў зямлі людзей, хай ляжаць. Цяпер іх не пакрыўдзіць ніхто — ні зьвер, ні чалавек. З рыдлёўкай у руках яна адышлася трохі ад магілкі, пастаяла і пайшла, але не ўгару да вёскі, а памалу, дужа баючыся, патупала па йржэўніку ўніз да тарфянішча, дзе была траншэя. Нешта яе цягнула туды і палохала, гняло страхам, але яна ішла, спыняючыся, засьцярожліва азіраючыся па баках. Хоць, здаецца, нідзе не было нікога, — сьцюдзёны вецер гнаў хмары ўгары, трымцеў рэдкі быльнёг па іржышчы на зруйнаваным, пакрэмзаным людзьмі і вайной полі.
Нясьмела, як і раней, дужа баючыся, яна падышла да бліжняй крывулякі-траншэі, зірнула цераз бруствер, але там не было нічога. Толькі на дне стаяла чорная вада ад дажджу ці, можа, набралася зьнізу, мясьціна тут была нізкая, лічы, ужо забалаць. Тады яна памалу павалаклася ўздоўж бруствера, насыпанага з чорнай балотнай зямлі, ён быў тут дбайна разгорнуты, падраўняны і бясконца цягнуўся кудысь па-над тарфянішчам. У адным месцы Серафімка з апаскай пераступіла тоўсты смаляны провад, што вёў па зямлі на пагорак да таго месца, дзе чарнеліся спарышы-варонкі ад снарадаў. Трошкі далей, у траншэі, ляжалі на земляной палічцы дзьве вялізныя шпулькі з гэткім жа таўстым провадам, — адна наматаная даверху, а другая амаль пустая. Мясьцінамі на брустверы і ў дне было густа, нібы з меху, насыпана гільзаў, — пустых, бяз куляў, некаторыя з іх пазелянелі ўжо ад вільгаці, другія мокрымі круглякамі жаўтлява бліскалі ў гразі. Дзе-нідзе бялелі крапачкі скрываўленых мокрых бінтоў, паразматляных ветрам па брустверы, у йржэўніку. Скрозь чарнелася перакапаная выбухамі зямля, на касагорыне не засталося жывога месца ад выбухаў і варонак. Але людзей тут нідзе не было, ні жывых, ні забітых; мусіць, людзі сышлі ўсе кудысь, як аціхла бойка. Хоць у навакольлі не зьявілася яшчэ ніводнага немца, але Серафімка прадчувала, што перамаглі немцы: усю мінулую ноч на брукаванцы за тарфянішчам гуло да сьвітаньня — усё там ехала, перла, сунулася на ўсход. Значыць, нашыя адступілі.