Читать «Амплітуда смеласці (I лірыка, і гумар.)» онлайн - страница 39

Рыгор Барадулін

Memento!

Калі з жыццёвага палетку Ідзеш да вечнай стараны, Вядома, ўспомні пра суседку Дый не забудзь пра сэнс двайны. Хоць і грымяць зімой і ўлетку Размоў сямейных перуны, Каля турмы Каханкі зрэдку, I толькі жонкі — Ля труны!

Цягач і валакуша

Сямейны партрэт

Пад дахам адным Столькі тэхнікі, бач. Саюз іх не зрушыць Ні мора, ні суша. Са складу ўсё цягне дадому Цягач, 3 гасцей цягача валачэ Валакуша!

Пра футры

Дзе логікі жалеза? Смяецца вывад хмуры. Мужы са скуры лезуць, Каб жонкі ўлезлі ў шкуры!

Шпачыха шпаку

Іншыя жывуць шыкоўней. Што я, горш за слонку? Цешся сам сваёй шпакоўняй — Я хачу Дуплёнку!

Высокае давер'е

Яму аказалі давер'е Па самай высокай шкале: Качалі ў смале ўсё Ды ў пер'і, У пер'і і — зноў у смале. Да ўпаду Стараліся звады Адсыпаць спаўна барышоў. Быў гол як сакол Да пасады, 3 пасады — касматы ішоў!

Спрадвечная сіла

Пра падонкаў слоў няма, Іх не трэсла, не касіла. Рухае іх род сама Дзярма ядзерная сіла.

* * *

Свой дабрабытны спакой паляпваем, Спытацца ў сябе не адважымся мы: Няўжо застанецца белай плямаю На карце людской Пасля жоўтай чумы Белы чалавек?

Адказ на заўвагу з-за спіны

Са мною лацвей, Калі цемра начная,— На макаўцы ў дзень пераходзіць Прасвет. Дык, значыць, Я шлях асвятляць пачынаю Усім, хто за мною ступае услед.

Сябрам па рыфмах

Не спяшайцеся бранзавець — Надта ж золка зімою ў бронзе. У заяве па ўласнай просьбе Папрасіцеся пад павець, Дзе яшчэ не дасох мурог, Як юначыя вашы вершы, Дзе бадлівыя міністэршы Мудра чэшуць аб шулу рог. Не старайцеся бранзавець, Раю ўсім на поўным сур'ёзе. Не хадзіце па той дарозе, Дзе сустрэне пыхі мядзведзь. I каго ўжо аблапіць ён, Дык палюбіць на поўныя кіпці. Над самімі ж сабою кпіце. Бронзавы аглушае звон! Гулкі дужа бронзавы крок — Ні да вернай, ні да каханкі Не прайсці непачутаму — Ганкі Пошчак выдадуць наўзнарок. Пачакайце, сябры, хоць ледзь — На зямлі яшчэ ўвобмаль бронзы. Да надзённай сыдзіце прозы. Не з рукі жывым бранзавець!