Читать «Парастак радка, галінка верша» онлайн - страница 3

Рыгор Барадулін

Цаліна...

Маладая пара. Сябры... Раніцай ступаеш босай нагой у бурт пшаніцы, як у родную раку... Праца ў рэдакцыях... Камандзіроўкі на буйнейшыя новабудоўлі рэспублікі. Цікавыя людзі, гутаркі, сустрэчы. Рэпартажы, замалёўкі, вершы...

Паклаўшы руку па сэрца — у пераважнасці сваёй усё гэта насіла камандзіровачна-наездачны характар. Думаю, з цягам часу адстоіцца, адкладзецца, асэнсуецца глыбей.

Кансультуючы ў рэдакцыях (асабліва ў «Советской Белоруссии»), зразумеў усю брапябойную сілу слова «графаман». Іншы раз чуеш — паэтаў хутка заменяць электронныя машыны. Паэтаў — гэта як сказаць, а вось графаманаў трэба. I чым хутчэй, тым лепей і спакайней будзе.

Калі бачу верш, а пад прозвішчам, нібыта ахоўны ярлычок, паметка «рабочы», «калгаснік», «вайсковсц», робіцца не па сабе. Што гэта — інтэлігенцкае паляпванне па плячы, сумненне ў магчымасцях рабочых, калгаснікаў? Даўно час аратых пяром падзяляць па паэтаў і непаэтаў, на сумленных працаўнікоў і халтуршчыкаў.

Няма паэтаў, празаікаў «сталічных» і «правіныяльных» па месцы жыхарства. Ёсць такія толькі па творчых магчымасцях. Калі здараецца пабываць у Гродне ў Васіля Быкава, дык я не чую там дакладнай мінскай рыфмы «тыраж-гараж», чую голас сур'ёзнага пісьменніка, якога хвалюе лёс літаратуры.

Зайздрошчу тым, хто мае магчымасць шмат падарожнічаць...

Люблю Прыбалтыку...

Люблю за высокую яе культуру, за арганічную патрэбу яе ў паэзіі, музыцы, мастацтве, за яе зайздросную павагу да сваёй гісторыі, да сваёй мовы, за вечную маладосць нашай добрай суседкі. Латвію люблю яшчэ і па іншай прычыне — рыжанін Андрэй Гальвіньш (царскія чыноўнікі падстрыглі яго пад Галовіна), механік па млынах, прыстаў некалі ў прымы да Маланні Гайко. Механік па млынах ведаў шэсць замежных моў, унук яго і адной толкам не валодае.

Пісаць пра свае вершы зарана — малады яшчэ. Праўда, маладосць гэтая адносная: Міхаіла Юр'евіча перажыў на тры гады, да ўзросту Аляксандра Сяргеевіча асталося сем год. Стаць імі спадзяваўся, калі меў гадкоў шаснаццаць.

Зборнікаў выйшла больш, чым у Максіма Багдановіча пры яго жыцці. Ды прызнаюся, што з радасцю згадзіўся б мець адзін такі «Вянок».

Да пяцідзесяцігоддзя яшчэ багата часу. Хоць ты нічога не пішы, а старайся захаваць сябе да тых хвілін, калі з вуснаў прамоўцы даведаешся, што ўнёс ты вялікі ўклад у скарбніцу не толькі роднай літаратуры...

Крыху запознена зразумеў залатыя словы А. Рубінштэйна: «Пісанне — асалода, друкаванне — адказнасць».

Дагэтуль не магу забыцца, як на прэзідыуме Саюза пісьменнікаў пастанаўлялі аднаго «и ныне здравствуюшего» паэта не называць болей маладым.

Дай мне бог доўга насіць гэты самы адказны тытул. Малады — не толькі зялёны. Малады — гэта той, ад каго чакаюць шмат (бывае, што так і не дачакаюцца), на каго спадзяюцца, ад каго многага патрабуе самы запатрабавальны малады чытач.

Калі хто атрымлівае якую ўзнагароду, зазвычайна гаворыць: «Гэта ўзнагарода не мне, а ў маёй асобе...»

Я хачу паўтарыць шчыра такую ж фразу. Калі што-небудзь і зраблю, дык гэта дзякуючы роднай мове, матчынай песні, дзякуючы той, ад каго з калыскі чуў непераўзыдзеныя па сваёй ранішняй чысціні, да скону дарагія сэрцу напевы,— маме Акуліне Андрэеўне.