Читать «Парастак радка, галінка верша» онлайн - страница 2
Рыгор Барадулін
Паўтара года хадзіў па Ушачах разведчык Смаленскага палка Садчыкава Міхаіл Ягораў, юнак, якому суджана было ўзняць над фашысцкім рэйхстагам агністае світанне сцяга нашай Радзімы. Водсвет сцяга гэтага ляжаў на партызанскіх шапках.
Блакада...
Цяжка параненыя партызаны просяць сваіх таварышаў дастрэліць іх...
Карнікі... Тыфозная салома, брудная падлога.
Карнікі... Чарапастая свастыка яшчэ доўга груганамі кружыла над снамі нашымі.
Раніца... Танкі са світальнымі зоркамі. Багата зарадзілі бур'яны на пагарышчах. Маці, бабуля і я засталі свежыя галавешкі.
Школа...
Першыя штаны з дзвюма кішэнямі, парусінавыя. Пайшоў пераросткам. Цяжка было сядзець на ўроках. Хацелася хутчэй шукаць патроны, міны. У бальніцы была цэлая палата такіх «мінёраў».
Згодна народнай прымаўцы, адзін сын у сям'і — бліннічак, смятаннічак. Толькі мне і ў галаву ніколі не прыходзіла думаць пра такія даваенныя прысмакі,— маці рабіла прыбіральшчыцай райспажыўсаюза. Аднаму сыну ў сям'і пашанцавала на другое. Песні, казкі, прыбабунькі — усяго гэтага найдаражэйшага скарбу мог я пачэрпнуць удосыць і ад ма мы і ад бабулі Маланні Несцераўны. Калі б не іх песні ды не добрыя настаўнікі Фадзей Францавіч Багдановіч, Марыя Майсееўна Цуран, Канстанцін Паўлавіч Баразна, узненавідзеў бы я, як і многія, хто канчаў школы, паэзію з-за праграмных вышукванняў у вершах думкі, задумкі, зместу, памераў, эпітэтаў, метафар і так да бясконцасці. Карацей, з вадой дзіця выпліхвалі. Не трэба і гаварыць, як дрэнна падбіраліся беларускія вершы ў хрэстаматыі (яно і цяпер такое здараецца). Вельмі запомнілася адна раніца. Пасвіў на лузе карову. Недаверліва ўзяў кніжку са словам, якое мяне пачынала палохаць, «вершы». Пачаў чытаць:
Зусім няма халодна-шаблонных слоў, застылага асартыменту вобразаў. I далей:
Усё такое блізкае. За родны край загінуў мой бацька.
Зачараваў мяне Пімен Панчанка смеласцю, сакавітасцю, незвычайнасцю звычайнага. Потым Анатоль Вялюгін — дакладным, па-вайсковаму падцягнутым радком. Гэта былі «нехрэстаматыйныя» аўтары, і вучыць на памяць можна было тое, што падабалася, да чаго ляжала душа.
1954 год. У кішэні 200 рублёў (старымі грашыма). Маці прадала цялушку. «Паспрабуй, сынок, можа, і паступіш, каб пасля не крыўдзіўся...»
Універсітэт.
Паседжанні літаб'яднання пры «Чырвонцы». Вучылі адзін аднаго і самі вучыліся. Першы надрукаваны верш.
Універсітэт адкрыў мне новага, вялікага Янку Купалу «нехрэстаматыйнага», яшчэ больш «прысушыў» сэрца да генія роднага слова — Максіма Багдановіча. Дзякуй за гэта Івану Навуменку.
Дзякуй крыштальнаму сумленнем майстру Сяргею Дзяргаю за падтрымку, за прыязнасць, за таварыскасць.