Читать «Парастак радка, галінка верша» онлайн - страница 153

Рыгор Барадулін

— Што можна лічыць найболей характэрным для сённяшняй беларускай паэзіі — у творчасці яе прызнаных майстроў і ў заяўках маладых?

— Сённяшні дзень беларускай паэзіі не такі бясхмарны, не такі акрэслена пэўны, якім быў ён у пяцідзесятыя гады. Было загадзя зразумела, хто класік, хто класікам будзе, а хто ўсё жыццё будзе проста падаваць надзеі. Сёння ўсё складаней. Індульгенцыі на неўміручасць выдаюцца неахвотна. Дый чытач як быццам перакарміўся паэзіяй, бо і сам зрыфмаваць умее, калі трэба. На гэтым і супакоіўся. Сумна, вядома. Бо існуе ж пры ўсім тым сапраўдная паэзія, у тым ліку нацыянальная. Але яна нібыта схаваная ад нашага чытача. Ёй цяжка да таго ж прабіцца да чытача. Нашай роднай паэзіі, каб выстаяць, выжыць, варта ўлічыць такі момант, як канкурэнтаздольнасць, даступнасць нашаму чытачу не толькі паэзіі беларускай. Не проста па-беларуску трэба выказваць паэту «агульнасаюзныя» ісціны, а самому, што завецца, варушыцца. Так на памяць і прыходзіць ушацкая скарга маладой жонкі: «Ці ты хвор, ці нядуж, ці якое ліха? Я кручуся, шавялюся, а ты ляжыш ціха». Хоць, вядома, жарты ўвагі варты. Пімен Панчанка і Генадзь Бураўкін, Яўгенія Янішчыц і Данута Бічэль-Загнетава, Уладзімір Някляеў і Леанід Галубовіч. А далей? Віктар Шніп і Павел Шруб і іншыя цікавыя імёны сённяшняй маладой нашай паэзіі, зарука яе дня заўтрашняга.

Наша паэзія імкнецца разабрацца ва ўсім, што адбываецца ў свеце, сумленна і сказаць пра гэта праўдзіва, некамплементна. Не змяніліся ў нашай роднай паэзіі і яе адносіны да працы, да чалавека. Беларуская паэзія па-ранейшаму дэмакратычная і глыбока народная. У Лету лунулі часіны, калі паэт вяшчаў нешта, а народ альбо ўспрымаў нешта, альбо не ўспрымаў. Сёння ва ўсіх адны задачы, адны трывогі, адны клопаты. Праўда, права на ўвагу чытача трэба заслужыць.

— Калі мастак набывае сапраўдную ўладу над чытачом? Як вы разумееце асобу творцы — у абавязковым спалучэнні філосафа, раздумцы, педагога, грамадзяніна, мастака?

— Мастак, думаю, не павінен імкнуцца да ўлады наогул і тым болей да ўлады над чытачом. Ён мусіць імкнуцца, каб яго зразумелі, каб яго выслухалі, а для гэтага абавязаны і ведаць болей, і адчуваць глыбей, і думку думаць маштабней. Ведаць не наогул, а душу чалавека, адчуваць патрабаванні часу, думаць словам, дзе ў адно зліты холад думкі і шчэбет пачуцця. Сёння ў мастака з'явіўся самы падступны і моцны вораг — тэхнакратыя, якая міжволі вядзе да робатызацыі думкі і ўчынку, да прытуплення пачуццяў. Задача мастака захаваць у недатыкальнасці карані «вечназялёнага дрэва жыцця». У ідэале сапраўдны мастак сучаснасці ўсеабдымным сваім позіркам набліжаецца да ідэалу творцы эпохі Адраджэння — ён і філосаф, і раздумца, і педагог, і мастак, і, вядома ж, грамадзянін. Варта, дарэчы, заўважыць поспех у сусветным маштабе фільма Алеся Адамовіча «Ідзі і глядзі». Ен невыпадковы. Паэзіі з дакументалістыкай цяжка спаборнічаць, дужацца, але яе не павінна пакідаць думка пра дужа неабходны сёння наш узаемны дыялог з чытачом.