Читать «Муштук i папка» онлайн - страница 8
Янка Брыль
А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй i глядзіць на шчанят. Пасля гэта — шлэп, шлэп у лапцях — падышоў да буды.
— І-і,— кажа,— якія харошанькія!
Усадзіў у буду руку i пагладзіў ix, прыгаворваючы: «Цюценькі, цюцькі...» За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.
З хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.
— Я ж кажу, чалавеча,— гаварыў дзед,— бяры хоць абодвух, балазе i сукі няма.
— Дзе там, дзеду, абодвух,— адказаў дзядзька,— будзе мне i з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.
— Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.
— Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.
— Я ж i кажу — часцей нос падціраў бы.
— A ўжо ж неяк там будзе.
— Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?
— Мяшэчак вось...
I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.
— Дзяржы ж т’каля. Я ж кажу — ядуць усё, як старыя, i ў роце чорна: злосныя.
Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, i апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, i цюціку зрабілася цёмна. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах i паехаў.
Была позняя, шэрая восень, гразка, i на звілістых лясных дарогах — глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала i трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно i жаласна пахныкваў.
Лесам, лесам, пералескамі — i дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі i заснуў.
2
Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, a ў другую — мяшок з цюцікам i пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, i дзеці яго, Міхась i Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..
— Што гэта, дзеці? — усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком.— Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!
I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.
— Сабачка! Мама, сабачка! — закрычалі Міхась i Волька.— Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, i лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы... Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!
— Яшчэ чаго не было,— аказалася маці.— Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, i гэтага звяду! Не бачыла смуроду!
— От ты сціхні,— адказаў ёй бацька.— Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!
Ён распрануўся i сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені i спытала, пазіраючы ў вочы:
— А што мы яму, тата, есці будзем даваць?
— От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? — адказаў тата i пагладзіў Вольку па галоўцы.
— Пэўна,— аказалася ад печы мама.— Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! — паставіла яна на стол капусту.