Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 63

Ніл Гілевіч

калі хоць трохі страціць ад гэтай яго перакананасці, ад гэтай яго безагляднай ідэйнай апантанасці — гэта ўжо будзе не зусім сапраўдны Вапцараў;

калі не прапусціць праз сэрца кожны яго радок, калі хоць трохі дапусціць механічнага ўзнаўлення яго тэксту.— гэта ўжо будзе не зусім сапраўдны Вапцараў;

і калі хоць трохі аказёніць незвычайную, інтымную нават у размове на вялікую палітычную тэму, даверлівасць тону,— гэта ўжо будзе не зусім сапраўдны Вапцараў;

і калі хоць трохі прыгладзіць, аблітаратурыць, абінтэлігенціць яго «шурпатую» мову, падвергнуць яе хоць у самай малой ступені паэтычнай касметыцы,— гэта ўжо будзе не зусім сапраўдны Вапцараў!

Вось вывады, у якіх пераканаўся беларускі перакладчык Вапцарава як на сваім уласным, перш за ўсё, вопыце, так і на вопыце сваіх рускіх і ўкраінскіх калег.

А нашым сённяшнім чытачам, як і чытачам любой краіны і любой мовы, патрэбен менавіта сапраўдны Вапцараў, неспадманны, бо слова сапраўднага Вапцарава можа сказаць ім — іх душы і сэрцу, іх сумленню і свядомасці — вельмі многа. Зрэшты, не толькі чытачам, але і паэтам, якім таксама «зело полезно» як мага часцей прычашчацца да радкоў гэтага волата духу, каб не абяскрыліць, не здрабнець і не звярнуць у бок з магістральнага шляху жыцця і творчасці. Слова Вапцарава народжана ў муках і пакутах вялікага і чэснага сэрца, загартавана ў агні і полымі грозных класавых бітваў, абмыта слязьмі і крывёй працоўнага народа, успоена сокамі роднай, старажытнай і цудоўнай зямлі, благаслаўлёна і натхнёна запаветамі вялікіх папярэднікаў. У ім — жыццё і лёс народа, біццё яго сэрца, святло яго мудрасці, веліч яго душы. І адносіны да яго, да гэтага слова,— гэта адносіны да самой Балгарыі, да яе гісторыі і культуры, да яе нацыянальных скарбаў і святынь.

1979

Годнасць чалавека і творцы

Мы развітваліся з ім у пару залатое восені, прыгожым, сонечным днём. Разам з ім адыходзіла ў нябыт так многа нашага агульнага, а больш дакладна — нашага асабістага, такая вялікая частка нашага ўласнага жыцця і лёсу, што было да нясцерпу журботна і цяжка на душы, а ў галаве, да балючай атупеласці, біла ў скроні адна і тая ж думка: «Вось і ўсё... Адзін з самых сумленных і сціплых, самых аўтарытэтных і найбольш паважаных нашых літаратурных старэйшын пакідае нас назаўсёды...» Мабыць, таму не магу прыгадаць ні аднаго слова з таго, што гаварыў над труной ля магілы прамоўца. Затое як зараз бачу ў натоўпе ўчарнелага Івана Мележа, а непадалёк ад яго, каля дзвюх блізнят-сосен,— Пімена Панчанку, які не плача, а безгалоса рыдае, і слёзы сыплюцца ў яго з вачэй бобам.

Дык з чым жа сваім мы — і старэйшыя і маладзейшыя яго сучаснікі — развітваліся, што гэтакім горкім было развітанне? Што ён нам даў, чым надарыў нас у жыцці? Што ўсяліў ён у пашы душы і сэрцы? Чым акрыліў і ўзвысіў, што нам сталі лепш відны неабсяжна шырокія далягляды чалавечнасці?