Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 40

Ніл Гілевіч

Барацьба за паэзію высокага грамадзянскага гучання, за сапраўды камуністычную ідэйнасць зместу была для Маякоўскага барацьбой за якасць паэтычнай прадукцыі, барацьбой супроць беспрынцыпнай пісаніны, супроць «бессовестной, разухабистой халтурщины», супроць «циничного предположения, что неквалифицированный читатель сожрет все». «Халтура,— гаворыць паэт,— вядома, заўсёды беспрынцыпная, яна стварае абыякавыя адносіны да тэмы — пазбягае цяжкай, пазбягае слізкай» (Артыкул «А што вы пішаце?»). Сур'ёзную небяспеку для мастацтва Маякоўскі бачыў у тым, што «рыначны попыт становіцца ў многіх мерай каштоўнасці з'яў культуры» (Перадавы артыкул першага нумара часопіса «Новы Леф»), Здаецца, гэта папярэджанне вялікага мастака слова таксама не страціла свайго актуальнага значэння ў нашы дні.

4

Паміж патрабаваннем Маякоўскага рабіць «разлік дзеяння» ў паэзіі «па максімальную дапамогу свайму класу» і яго канкрэтнай працай як мастака і паэта ў вокнах РОСТА, у рэкламе, у палітасвеце — самая непасрэдная сувязь. Агульнавядома, што ў агромністай паэтычнай спадчыне Маякоўскага многія тысячы радкоў складаюць подпісы да палітычных і культурна-асветніцкіх плакатаў, вершаваныя тэксты да малюнкаў у сатырычных часопісах, зарыфмаваныя лозунгі і рэклама, нарэшце, газетныя вершы на выпадак, часцей за ўсё — растлумачальна-агітацыйнага назначэння і таму — зусім без прэтэнзій на даўгавечнасць. З аўтабіяграфічных нататак «Я сам» мы, напрыклад, даведваемся, што толькі за 1920 год Маякоўскі для вокнаў РОСТА «зрабіў тысячы тры плакатаў і тысяч шэсць подпісаў». Просты разлік паказвае, што кожны дзень паэт маляваў каля дзесяці плакатаў і пісаў да іх каля дваццаці вершаваных тэкстаў. Гіганцкая праца, нечалавечае напружанне фізічных сіл, розуму і волі!

У таго, хто сёння пераліствае старонкі поўнага збору твораў Маякоўскага, можа ўзнікнуць пытанне: а ці трэба было паэту такога маштабу, такога таленту займацца гэтай агітпрапагандай? Ці недарэмна было змарнавана ім столькі каштоўнага часу? За гэты ж час маглі нарадзіцца вершы і паэмы непадлеглай пераацэнцы вартасці!..

Зусім магчыма, што маглі б нарадзіцца і такія вершы і такія паэмы. І ўсё ж ставіць пад сумненне патрэбнасць працы Маякоўскага ў РОСТА, у палітасвеце, у рэкламе, на мой погляд,— абразліва для памяці паэта-рэвалюцыянера. Маякоўскі глядзеў на гэту працу як на свой рэвалюцыйны абавязак, да выканання якога ён ставіўся ў вышэйшай ступені сумленна і самаахвярна. Ён служыў Рэвалюцыі, працаваў па перамогу Савецкай улады, па будаўніцтва новага жыцця — і гэтым сказана ўсё. Сённяшняму маладому чалавеку трэба быць закончаным снобам, маральным вырадкам, каб не ацаніць гэту чорную, будзённую, няўдзячную працу паэта.

Потомки, словарей проверьте поплавки: Из Леты остатки слов таких, как «проституция», «туберкулёз», «блокада». Для вас, которые здоровы и ловки, поэт вылизывал чахоткины плевки шершавым языком плаката.