Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 38

Ніл Гілевіч

Маякоўскі прыйшоў у рускую літаратуру ў незвычайны час — калі пад кіраўніцтвам ленінскай партыі бальшавікоў рыхтавалася апошняя, рашучая класавая бітва пралетарыяту за поўнае вызваленне ад гнёту эксплуатацыі. Яшчэ зусім малады дзяцюк, Маякоўскі ўсім сэрцам, усёй істотай сваёй адчуў і зразумеў, што няма і не можа быць у жыцці мэты больш высакароднай і велічнай, чым служыць барацьбе за сацыяльна-эканамічнае і духоўнае разняволенне працоўнага народа, чым пасвяціць сябе Рэвалюцыі, якая ідзе, каб ажыццявіць самыя прыгонныя ідэалы, самыя запаветныя мары чалавецтва. І таму малады паэт кідае подламу і гнуснаму свету бясстрашны выклік — свету, у якім усё несправядліва, у якім пануе зло і гвалт, рабаўніцтва і ашуканства, цемра і невуцтва:

Долой вашу любовь! Долой ваше искусство! Долой ваш строй! Долой вашу религию!

З усёй неадменнай яснасцю Маякоўскі бачыў, што буржуазнае мастацтва, у тым ліку і паэзія, выраджаецца, што песняры «ананасаў у шампанскім» не могуць стаць вястунамі рабоча-пралетарскай «вуліцы», а тым больш — вешчунамі рэвалюцыйных перамог новага класа.

Пока выкипячивают, рифмами пиликая, из любвей и соловьев какое-то варево, улица корчится безъязыкая — ей нечем кричать и разговаривать.

У сваіх дакастрычніцкіх вершах Маякоўскі зноў і зноў звяртаецца з гнеўным словам дакору да тых паэтаў і пісьменнікаў, якія цалкам пазбаўлены пачуцця грамадзянскай адказнасці перад часам. З імі, што прывыклі, «прилипши к стене, к обоям», бесклапотна «пить чай» і «построчно врать», у якіх, як у вартых жалю канцылярыстаў, «вытерся от строчения локоть плюшевый», паэт размаўляе іранічна-злосна:

Господа поэты, неужели не наскучили пажи, дворцы, любовь, сирени куст вам? Если такие, как вы, творцы — мне наплевать на всякое искусство.

Натуральна, што яшчэ з большай палымянасцю і пераканаўчасцю загаварыў Маякоўскі аб грамадскім назначэнні паэзіі і грамадзянскім абавязку паэта ў вершах і публіцыстычных выступленнях пасля перамогі Кастрычніка. Па ўяўленню Маякоўскага нямысліма, каб у перыяд найвялікшых рэвалюцыйных ператварэнняў у краіне хтосьці, называючы сябе паэтам, існаваў і пеў, як «пташка божая». «В испытанье битв и бед с вами, что ли, мы полезем? В наше время тот — поэт, тот — писатель, кто полезен». Прызванне сапраўднага паэта — барацьба: ён павінен сцвярджаць і адстойваць свае ідэі, ён павінен быць горача перакананым у справядлівасці справы, якой служыць, яго ідэйнасць павінна даваць пульс сэрцу, ток крыві.

Идею нельзя замешать на воде. В воде отсыреет идейка. Поэт никогда и не жил без идей. Что я — попугай? индейка?