Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 36

Ніл Гілевіч

Вось што адбылося ў агульнай сістэме «паэзія і чытачы» за апошнія дваццаць гадоў. Гэта — факт, які, натуральна, патрабуе свайго растлумачэння. Што ж здарылася? Чаму малады, ды і не толькі малады чытач неяк як-бы астыў да поўных грамадзянскай палкасці вершаў вялікага рэвалюцыйнага паэта? Хіба яго вершы ўстарэлі? Хіба тое, што ў іх выказана, ужо не зусім адпавядае духоўным памкненням сучаснай моладзі, іх погляду на свет, на жыццё і на свае абавязкі ў грамадстве? Ну, хаця б, напрыклад, вось гэта:

Я в восторге от Нью-Йорка города. Но кепчонку не сдерну с виска. У советских собственная гордость: Нa буржуев смотрим свысока.

Або вось гэта:

Я с теми, кто вышел строить и месть в сплошной лихорадке буден. Отечество славлю, которое есть, но трижды — которое будет.

Або, скажам, вось гэта — выказанае ў размове з паэтамі-сучаснікамі:

Я меряю по коммуне стихов сорта, в коммуну душа потому влюблена, что коммуна, по-моему, громная высота, что коммуна, по-моему, лубочайшая глубина.

Хіба, паўтараю, гэтыя пачуцці і думкі не адпавядаюць цалкам і поўнасцю пачуццям і думкам нашага маладога сучасніка? А калі адпавядаюць — чаму ж іх аўтар, любімы паэт камсамольскай маладосці бацькоў — не з'яўляецца ў такой жа ступені любімым паэтам уступіўшых у камсамольскі ўзрост дзяцей? Ці, можа, сучасныя паэты выказалі гэтыя ж пачуцці і думкі лепш, ярчэй, мацней, больш адпаведнымі духу часу мовай і стылем?

Я не збіраюся тут, у гэтых беглых нататках, паглыбляцца ў прычыны, якія б адказалі па пастаўленае пытанне. Можа быць, для жаданага адказу неабходна правесці спецыяльнае, грунтоўнае літаратурна-сацыялагічнае даследаванне. Магчыма, што дастаткова і такога элементарна простага адказу, як: іншы час — іншыя песні або: у кожнага пакалення — свой пясняр. Вельмі нават магчыма, што іменна так яно і ёсць. У нас жа паэтаў многа, паэтаў «добрых і розных». Што ж за дзіва, што ім, сучасным аўтарам, аддаецца сёння перавага? Так, нібыта ўсё гэта зусім натуральна, здзіўляцца як быццам бы няма чаго, і ўсё-такі, як сказаў з іншага поваду Твардоўскі, усё-такі, усё-такі... Калі сённяшняя моладзь параўнаўча мала чытае Маякоўскага — гэта павінна нас занепакоіць. Я глыбока перакананы, што сам паэт вінаваты ў гэтым менш за ўсё. Цікавасць да яго творчасці знізілася не таму, зразумела, што час, маўляў, зрабіў пераацэнку каштоўнасцей і вялікі талент сёння ўжо не здаецца такім вялікім. Не, паэтаў, як Маякоўскі, час не робіць драбнейшымі. Я думаю, трэба прыглядзецца, ці не адбылося чаго-небудзь непажаданага з пэўнай часткай сучаснага масавага чытача. Ці не захапіўся ён — часткова, вядома, часткова! — той паэзіяй, якую бязлітасна высмейваў Маякоўскі, з якою ён на працягу ўсяго жыцця люта змагаўся? У маладосці, яшчэ да рэвалюцыі: