Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 34

Ніл Гілевіч

Калі б у мяне запыталі, які ж усё-такі самы галоўны ўрок жыцця і творчасці паэта, я, напэўна, адказаў бы ягоным радком: «Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам...» Цяжка жыць у паэзіі, у літаратуры — вось задача задач для кожнага сапраўднага мастака слова. Зразумець гэты ўрок многім з нас, на вялікі жаль, замінаюць розныя перашкоды, і галоўная з іх — гэта тая атмасфера якогасьці ненатуральнага для нашага часу правінцыялізму, якую не прымаў і над якою заўсёды ўзвышаўся Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў.

Калі мы канчаткова пераадолеем дух літаратурнай правінцыі з яе абразлівымі для вялікай літаратуры норавамі і звычаямі, правінцыі, дзе высокае служэнне словам народу яшчэ нярэдка падменьваецца тлумна-пустой мітуснёю, дзе дробныя самалюбівы спаборнічаюць у вымярэнні сваёй уласнай пыхі, дзе нават .таленавітыя людзі не саромяцца надзець на сябе каўпак блазна ці маску арлекіна,— калі мы ўсё гэта пераадолеем і пераступім праз гэта — толькі тады мы з усёй яснасцю ўбачым і зразумеем, якога паэта ў асобе Аркадзя Куляшова мы... не, не страцілі, а маем, якога волата творчага духу дала нам і ўсяму свету наша сціплая ў бярозах і соснах беларуская зямля.

1972

Урокі Маякоўскага

(Нататкі з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння)

1

Маякоўскі, як вядома, не любіў юбілеяў, самога ж духу юбілейшчыны, які мярцвіць жывую працу, цярпець не мог. Для яго, нават жартам, немагчымым было ўявіць сябе — і ў прамым і ў пераносным сэнсе — забранзавелым.

Мне бы памятник при жизни полагается по чину. Заложил бы динамиту — ну-ка, дрызнь!

Таму павага да яго памяці патрабуе, нягледзячы на круглую дату, гаварыць не ва ўрачыста-юбілейным тоне, а, па магчымасці, у дзелавым, як ён уважаў за лепшае размаўляць з класікамі сам. Тым больш што, звяртаючыся да нашчадкаў, паэт быў упэўнены: у будучыню ён прыйдзе да нас толькі «как живой с живыми говоря».

Юбилей — это пепел, песок и дым; Юбилей — это радость седым; Юбилей — это край кладбищенских ям; Это речи и фимиам; остановка предсмертная, вздохи, елей — вот что лезет из букв «ю-б-и-л-е-й». А для нас юбилей — ремонт в пути, Постоял — и дальше гуди.