Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 35

Ніл Гілевіч

Думаю, што і юбілей вялікага савецкага паэта для сучаснай нашай літаратуры — гэта таксама зручны момант зрабіць «рамонт у дарозе», каб «гудзець далей» на імкліва скіраванай у «камуністычнае далёка» магістралі.

2

Для майго пакалення, у пару нашай камсамольскай маладосці (першае пасляваеннае дзесяцігоддзе), у вялікай краіне рускай паэзіі Маякоўскі быў — без сумнення і без параўнання — самым любімым паэтам. У гэтым сэнсе мы, маладыя паэты канца саракавых — пачатку пяцідзесятых, былі непахісна верныя ідэйна-эстэтычным арыенцірам нашых старэйшых таварышаў, мы ішлі ўслед за імі і побач з імі, таму што і для іх творчасць Маякоўскага была не толькі вялікай і шчырай любоўю, але і баявым сцягам, і свяшчэнным запаветам, і, вядома ж,— непераўзыдзеным узорам патрыятычнага служэння: сваёй краіне і народу, высокім прыкладам сапраўднага паэта-грамадзяніна. О, як натхнёна мы цытавалі — не, не тое слова «цытавалі»! — як шчыра і горача мы кляліся ягонымі словамі, у якіх бачыліся нам адзіна магчымыя адносіны і да паэзіі, і да жыцця, і да самога сябе:

Мне и рубля не накопили строчки, краснодеревщики не слали мебель на дом. И кроме свежевымытой сорочки, скажу по совести, мне ничего не надо.

Калі ў годзе пяцьдзесят другім ці трэцім перад студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта выступала сястра паэта Людміла Уладзіміраўна,— агромністая зала не магла патоўпіць усіх, хто прагнуў яе паслухаць. У поўным сэнсе слова — яблыку не было дзе ўпасці. Людзей набілася ў тры разы больш, чым было месц для сядзення ў зале. Такой вялікай была цікавасць студэнцкай моладзі да жыцця і творчасці паэта, настолькі жывым і патрэбным для яе было слова «агітатара, гарлана-главара».

З той пары прайшло ні многа ні мала — дваццаць гадоў. Гады гэтыя, як вядома, былі незвычайныя. За гэты час у жыцці нашага сацыялістычнага грамадства — ва ўсіх яго аспектах — адбыліся істотныя перамены. Вялікія падзеі і перамены мелі месца і ў міжнародным — палітычным і культурным — жыцці. Няма патрэбы спыняцца тут на гэтым падрабязна. Падкрэслю толькі, што ў гэтыя гады і літаратура наша не стаяла на месцы: будучы эмацыянальна-вобразным адлюстраваннем рэчаіснасці, і яна развівалася ў тым жа кірунку, у якім ішло духоўнае развіццё грамадства. Не падлягае сумненню, што яе галоўныя, апорныя ідэйна-эстэтычныя прынцыпы — камуністычная партыйнасць, народнасць і рэалізм былі і застаюцца важнейшымі для кожнага савецкага пісьменніка і паэта. Прынцыпы, якія таленавіцей і палымяней за ўсіх сваіх сучаснікаў адстойваў і сцвярджаў Уладзімір Маякоўскі.

І вось, азіраючы і асэнсоўваючы рух жыцця ў яго канкрэтных духоўных праявах, бачыш: крыху змяніліся і адносіны да Маякоўскага. Не, не, нашы, так сказаць, афіцыйныя адносіны засталіся ранейшымі. Ніхто публічна, здаецца, не ставіў сабе мэты перагледзець і пераацаніць, змерыць якойсьці новай меркай яго літаратурную спадчыну, ніхто публічна нібыта не спрабаваў змаліць яго роль і значэнне ў гісторыі савецкай літаратуры. Такога не было. А што ж было? Што змянілася? У нейкай меры змяніліся адносіны масавага чытача да Маякоўскага, адносіны шматмільённага спажыўца паэтычнай прадукцыі ў нашай краіне. Масавы чытач ужо даўно не такі масавы, якім ён быў усяго дваццаць гадоў назад,— ён прыкметна скараціўся. У тым ліку (і на гэта хочацца звярнуць асаблівую ўвагу) — малады чытач, які заўсёды быў больш за іншых верны Маякоўскаму і на якога паэт перш за ўсё разлічваў. Сучасныя юнакі і дзяўчаты куды менш пытаюцца Маякоўскага ў бібліятэках і кнігарнях, прыкметна спакойней успрымаюць яго вершы ў выкананні на эстрадзе ці па блакітным экране, куды менш дэкламуюць іх на сваіх вечарах адпачынку, у праграмах мастацкай самадзейнасці (у нас калісьці ні адзін студэнцкі канцэрт не абыходзіўся без вершаў Маякоўскага). Не вельмі чутно, каб у сваім коле — ці ў калідоры інстытута, ці на камсамольскім сходзе, ці проста на вуліцы — маладыя людзі «сыпалі» на памяць досціпамі, трапнымі характарыстыкамі і афарызмамі аднаго з самых дасціпных паэтаў дваццатага стагоддзя (а мы калісьці пры кожным зручным выпадку звярталіся «за дапамогай і за падтрымкай» да яго).