Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 3

Ніл Гілевіч

Усё гэта дае падставы гаварыць, што ў асобе Элаізы Пашкевіч — Цёткі мы маем не толькі таленавітага рэвалюцыйнага паэта і пісьменніка, але і буйнага дзеяча на ніве беларускай культуры і асветы. Зрэшты, у гісторыі кожнага народа ў перыяд яго нацыянальнага адраджэння падобную ролю выкопваў амаль кожны выдатны паэт і пісьменнік.

Цётка памерла ў лютым 1916 года, не пражыўшы нават сарака. Далёка не ўсё з напісанага ёй было ў свой час абнародавана, многае заставалася ў яе архіве, сляды якога, калі ён не загінуў увогуле, яшчэ, на жаль, не адшуканы.

Малады Янка Купала, вітаючы першую кнігу Цёткі «Скрыпка беларуская», пісаў у вершы, прысвечаным аўтару:

Гэй, пяснярка, болей, болей Нам на скрыпцы сваёй грай! Прывітаем хлебам-соляй, Дзякуй скажа родны край...

Беларускі край ужо даўно сказаў сваёй таленавітай дачцэ ўсенародны дзякуй. І працягвае гаварыць сёння. І будзе гаварыць заўтра. Таму што кожнае новае пакаленне чытачоў з удзячнай пашанай прычашчаецца, як да жыватворнай крыніцы красы і сілы, да творчай спадчыны гэтага волата духа.

1976

Валадар роднага слова

Паэт пачынаецца са слова, з адчування слова як сродку выказаць сябе і свае адносіны да навакольнага свету, з адчування сэнсавых і гукавых магчымасцей слова.

Колькі вялікіх, што праславілі на цэлы свет свой край і народ, сцвярджалі: без мовы няма пісьменніка, мова — гэта яго будаўнічы матэрыял і яго інструмент адначасова, гэта — тое першае і галоўнае, па чым мы беспамылкова пазнаём — пісьменнік перад намі ці не пісьменнік. І калі чалавек, які лічыць сябе пісьменнікам, не валодае словам, калі ў яго мовы няма — тут ужо нічым не дапаможаш. Прыродная глухата да слова — гэта не загана, якую можна ў той ці іншай меры кампенсаваць нейкай іншай станоўчай якасцю. Гэта — поўная і непапраўная катастрофа, смяротны прысуд, ад якога не ўратуе ніякая апеляцыя ні да якіх інстанцый.

Народ — вялікі майстар-моватворца, у якога вучыліся і вучацца ўсе тыя, каму «воляй божай» суджана мець справу са словам. Здольнасць да моватворчасці, да словатворчасці — адзін з верных прызнакаў паэтычнага таленту. Чым гэтая здольнасць большая — тым буйнейшы талент. І наадварот: бездапаможнасць перад словам, няўменне распарадзіцца ім, сэнсава або эўфанічна абнавіць яго, «выбіць» з яго повы нюанс, павярнуць нечаканым бокам — сведчыць пра адсутнасць паэтычнага дару, ва ўсякім разе — дару яркага, самабытнага.

Здольнасць да авалодання словам даецца паэту ад прыроды. Але кожны сапраўдны творца гэтую здольнасць няспынна і нястомна развівае, вучачыся ў народа. Прыглядаючыся і прыслухоўваючыся да таго, як народ абыходзіцца са словам — у жывой гутарцы, у песнях, у казках і прыказках. Імкнучыся спасцігнуць моватворчы вопыт народа. Вядома, у таленавітага паэта, чуйнага да слова, гэта вучоба як бы ідзе сама сабой — без нейкіх спецыяльных заняткаў, урокаў, лекцый. Але пры адной катэгарычна абавязковай умове: калі паэт жыве з народам і жыццём народа, яго справамі, яго думамі і клопатамі.