Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 2

Ніл Гілевіч

Мора вуглем цяпер стала, Мора з дна цяпер гарыць, Мора скалы пазрывала,  Мора хоча горы змыць.

Такой жа моцнай і глыбокай была яе вера ў светлую будучыню свайго народа, у неадольнасць і непахіснасць яго духу:

Веру, братцы: людзьмі станем, Хутка скончым мы свой сон; На свет божы шырэй глянем, Век напіша нам закон.

Таму што:

Мы не з гіпсу, мы — з камення, Мы — з жалеза, мы — са сталі, Нас кавалі у пламенні, Каб мацнейшымі мы сталі.

А яшчэ — як дорага і свята было для яе тое пачуццё братэрскай салідарнасці людзей працы, пачуццё інтэрнацыяналізму, што заўсёды было найпрываблівай рысай лепшых паэтаў свету. Вершаванае пасланне «Суседзям у няволі» Цётка заканчвае такімі выдатнымі радкамі:

Ці у долі, ці ў нядолі — З вамі станем ў адным полі, Рука ў руку з вашым братам За свабоду перад катам.

Не выпадкова абодва прыжыццёвыя зборнікі яе паэзіі — «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (1906) — былі выдадзены ўкраінскімі сябрамі ў Жолкве каля Львова.

А хіба не знамянальна, што менавіта ў вершах Цёткі ўпершыню ў беларускай мастацкай літаратуры прагучала такое шматзначнае словаспалучэнне, як «пралетарская кроў», ды і само слова «пралетарскі»? Так, у гэтым сэнсе Цётка пайшла далей многіх сваіх літаратурных сучаснікаў, глыбей многіх спасцігла яна стратэгію і тактыку рэвалюцыйнай барацьбы народа. Дастаткова прачытаць яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» (1906), у эпілогу якога паяўляюцца тры сыны старога селяніна Мацея — парабак з панскага двара, салдат і пецярбургскі рабочы,— паяўляюцца, каб адказаць натоўпу абяздоленых па пытанне, хто ж дасць ім зямлю і волю: «Мы — дадзім! Мы — сіла! Мы — права!»

Матывамі барацьбы і пратэсту, вядома ж, не вычэрпваецца ідэйны змест паэзіі Цёткі. Ёсць у паэтэсы і пранікнёныя радкі аб некрыклівым, але чароўным харастве роднай прыроды, і вершы аб сялянскай працы, і вершы-замалёўкі з вясковага быту. Але вызначальнае ў яе лірыцы — рэвалюцыйная палкасць, пафас барацьбы за народную справу. У гэтым — галоўная рыса яе паэтычнага характару, яго сутнасць.

Творчая спадчына Цёткі невялікая па аб'ёму, але разнастайная ў жанравых адносінах. Яна з'яўляецца і адным з першых беларускіх белетрыстаў: яе апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі», «Зялёнка», «Міхаська», «Навагодні ліст», «Зваротлівы» і інш.— прыкметная з'ява ў дакастрычніцкай беларускай прозе. Яе нарысы «З дарогі» і «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» і сёння чытаюцца з неаслабнай цікавасцю. Цётка, апрача таго, і таленавіты публіцыст. Яе ваяўнічыя артыкулы ў абарону грамадзянскіх правоў беларускага народа, у абарону нацыянальнай культуры і мовы, нацыянальнай школы і друку з'яўляюцца цудоўным дапаўненнем да яе ж палымяных вершаў нацыянальна-патрыятычнага зместу. А яшчэ яе пяру належаць і артыкулы навуковага характару, напрыклад, аб беларускай народнай песні, аб народным лялечным тэатры-батлейцы. Займалася яна таксама і мастацкім перакладам. Нарэшце, Цётка была педагогам і выдаўцом: яна склала першую на роднай мове чытанку для пачатковай школы (1906), яна ж кіравала першым беларускім часопісам для дзяцей і моладзі «Лучынка» (1914).