Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 5

Ніл Гілевіч

Звернемся да некаторых прыкладаў.

У Купалы мы сустрэнем безліч слоў, якія можна сустрэць... толькі ў Купалы. Гэта — словы, утвораныя ім самім, у працэсе работы пад радком, з неабходнасці выказаць, выкласці на паперу тое, што просіцца з душы і сэрца. Гэта — словы-наватворы. Магчыма, што некаторыя з іх паэт узяў з народных гаворак. Але мы гэтага не ведаем. Ды, відаць, і сам паэт не заўсёды адказаў бы, ці вось гэтае слова яго, ці яно ўзята ім ад людзей. Калі і не ўзята — то магло быць узята, бо такое слова — у такой форме — магло быць у людзей, магло быць пачута. І менавіта гэта важней за ўсё.

Скурганіў бы душу чырванцом тваім я: Гуслям, княжа, не пішуць законаў.

Што значыць скурганіць душу? Відавочна, дзеяслоў утвораны ад назоўніка курган і азначае амярцвіць, загубіць жывую душу, у больш шырокім сэнсе — загубіць, страціць сумленне. Слоўца здалося паэту ўдалым, і ён — як бы знарок для таго, каб засведчыць яго жыццяздольнасць,— выводзіць ад гэтага дзеяслова яшчэ адзін наватвор — дзеепрыметнік скурганены, які ўжывае як мастацкае азначэнне ў тым жа сэнсе амярцвелага, нежывога, нячулага:

Песня мая не шукае прывету, Ласкі ў скургаееным сэрцы чыім.

Ад дзеяслова глядзець Купала ўтварае аж некалькі новых словў: неўглядзь, няўгледны, нязгледны, прагледзіста. Першае — сінонім да прыслоўя непрыкметна, незаўважна, тым часам:

Няўглядзь за поўнач наспела часіна, Сон па пакоі паў ройма...

Эпітэт няўгледны — сінонім да азначэння нябачны, што нельга ўгледзець, улавіць позіркам. Утвораны, безумоўна, ад не ўгледзець:

І пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе Плыве і мяняецца ў кветным крышталі.

Другі, блізкі па гучанню да папярэдняга эпітэт,— нязгледны — выступае ў кантэксце сінонім да слоў неаглядны, бязмежны, бясконцы, неабсяжны:

Недзе-недзе губляюцца нікла са мной Задуманыя вочы ў нязгледным прасторы.

Здавалася б, у рытмічную схему верша лёгка і хораша маглі б легчы іншыя, ужо гатовыя эпітэты: у бязмежным прасторы або ў бясконцым прасторы. Паэт іншага маштабу і таленту, напэўна, так і зрабіў бы. Але Купалу гэта задаволіць не можа, ён як бы нутром адчувае, што лепш за ўсё тут падыдзе азначэнне, выведзенае ад дзеяслова глядзець, бо ў гэтым жа радку ёсць вочы ды яшчэ задуманыя. Такі эпітэт — ад дзеяслова — эмацыянальна і сэнсава больш актыўны і таму больш адпавядае маральна-псіхічнаму стану лірычнага героя. Успомнім, што радкі ўзяты з верша «З вячэрніх дум» — верша зусім няпростага філасофскага зместу і досыць ускладненай паэтычнай стылістыкі. Магчыма, я памыляюся, але мне нават хочацца думаць, што Купала, ставячы ў радок гэты эпітэт нязгледны, укладаў у яго адначасова і яшчэ адзін сэнсавы нюанс: прастор непраглядны, ацямрэлы, цёмны. Адбываецца ж усё вечарам, ноччу, «як нябеснае згасне за лесам святло, а ноч крылле распусціць па ўсёй Беларусі...». Такі нюанс зусім лагічна можа асацыіраваць з пэўным сацыяльна-грамадскім падтэкстам, мець алегарычны характар.