Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 6

Ніл Гілевіч

Такім чынам, нязгледны ўзнікла ў Купалы на стыку двух вельмі блізкіх па гучанню, але семантычна розных азначэнняў: неаглядны і непраглядны.

Апошняе слова гэтага кораня — эпітэт прагледзіста:

Вокам начніцы прагледзіста Ў тайну сягнуў бы заставы...

Гэтае незвычайнае прагледзіста — нейкае казачнае, старажытнае, язычаскае, асабліва ў спалучэнні з начніцай,— адразу ж выклікала ў маёй памяці заключныя радкі адной нашай абрадавай песні, лепш сказаць — абрадавага песеннага заклінання:

Каб у асеці было накладзіста, Каб на таку было ўмалоціста, Каб у арудзе было насыпіста, Каб у млыне было намеліста, Каб у дзяжы было падыходзіста, Каб у печы было падросціста, На стале кроем, людзям на здароўе!

Мы не ведаем, ці даводзілася Купалу чуць такую песню, ці звярнуў ён увагу на гэтую дзівосна ёмкую форму — накладзіста, умалоціста, насыпіста, намеліста, падыходзіста, падросціста і ці не па яе ўзору ўтварыў ён сваё — таксама дзівосна ёмкае — прагледзіста. Але калі нават і не чуў, мы ўсё роўна можам не сумнявацца, што Купала і ў гэтым выпадку (як і ва ўсіх іншых) ішоў ад вопыту народнай моватворчасці — інтуіцыя генія вяла яго і падказвала, як трэба.

Крытык Р. Бярозкін, адзначаючы ў паэта «яго непаўторную схільнасць да назоўнікаў, створаных са згустка дзеяслоўнай энергіі», вельмі слушна падкрэслівае, што многія з іх Купала прыдумваў сам, але што «заўсёды ў такіх выпадках адыгрываў сваю незаменную, сапраўды вырашальную ролю шматвяковы калектыўны вопыт народа ў галіне мовы» і што «ад гэтага вопыту Купала не адключаўся ніколі...».

Па нашых назіраннях, не менш, чым назоўнікаў ад дзеясловаў, Купала ўтвараў дзеясловаў ад назоўнікаў і іншых часцін мовы. Спашлюся толькі на два-тры прыклады. Спёка ў аднайменным вершы «звугліла высі — загоны, звугліла долы — лагі». Нам вядомы дзеяслоў абвугліць, абвугліцца і ёмкі народны фразеалагізм счарнець на вугаль. У Купалы — у гэтым жа значэнні — звугліць.

Два дзеясловы ўтвораны паэтам ад назоўніка крыло: крыліцца і ўскрыліцца.

Стогнуць пад мурам халодным таполі, Крыліцца ў ветках начніца. Світы, захады крыляцца, На адной таўкуцца кладцы. Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам, Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.

Цікавым наватворам з'яўляецца дзеяслоў відніць у значэнні асвятляць, рабіць відна, развейваць змрок. Міфічная лясная царэўна — знябытая і зняможаная ад адзіноты — ускліквае:

Хто чуе, як голасам долю кляну? Хто бача, як відню вачамі я цьму?

Верш «З вячэрніх дум», у якім мы сустрэлі арыгінальны эпітэт нязгледны, дае нам яшчэ адзін характэрны купалаўскі наватвор — дзеяслоў сваіўся: