Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 15

Ніл Гілевіч

Брацця! Ці зможам грамадскае гора? Брацця! Ці хваця нам сілы?! —

трывожна і гнеўна ўскліквае паэт, якому балюча бачыць столькі няпраўды і крыўды, «столькі нуды без патолі». І замест ціхай песні пра свае «загубленыя дні» ў яго сэрцы выспявае песня гневу, якая «грозна разліваецца, грыміць, долю горкую мужыцкую кляне». За песняй-праклёнам прыходзіць поўная рашучасці і веры ў перамогу песня-заклік:

Рушымся, брацця, хутчэй Ў бой з жыццём, пакідаючы жах; Крыкі пужлівых людзей Не стрымаюць хай бітвы размах. Проці цячэння вады Зможа толькі жывое паплыць, Хвалі ж ракі заўсягды Тое цягнуць, што скончыла жыць.

Вуснамі беларускага мужыка, якому багатыя людзі замест хлеба давалі каменне, паэт ставіць пытанне: што будзе, калі гэтая каменная сцяна паміж мужыком і панамі, якая расце ўсё вышэй і вышэй, нарэшце рухне,— каго яна пад сабой пахавае?

Пасля наведаныя радзімы, калі паэт на ўласныя вочы пабачыў становішча беларускіх працоўных мас, сацыяльна-грамадскія матывы ў яго паэзіі загучалі яшчэ больш выразна, ярчэй акрэслілася яго грамадзянская пазіцыя, пашырылася кола «праклятых пытанняў», на якія трэба было знайсці адказ, паглыбіліся ідэйныя і філасофскія пошукі паэта ў намаганні дабрацца «да кораня рэчаў».

Новым словам не толькі ва ўласнай творчасці паэта, але і ва ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры з'явілася нізка вершаў аб горадзе «Места». Багдановіча справядліва лічаць пачынальнікам урбаністычнай лініі ў нашай паэзіі — першым, хто «з прывольных палявых дарог» пайшоў на брук маставых. Паэт любіў горад («У грудзі кволыя запала, дачка каменняў, места мне»), любіў нервовы рытм яго жыцця; яму падабаліся залітыя «вірам людскім паясы тратуараў» і вулкі, што «ззяюць і гулка грымяць». Але было б памылкаю думаць, што Багдановіч перш за ўсё імкнуўся апаэтызаваць «горада чароўныя прынады». «Грук, гоман, гул» не мог схаваць ад яго пільных вачэй і чуйнага сэрца таго, што выяўляла самую душу заснаванага на няпраўдзе і несправядлівасці грамадства. І ў горадзе паэт убачыў жахлівае суседства раскошы і галечы, сытасці і нэндзы, суседства «кас, ламбардаў, банкаў» і цесных, крывых завулкаў, з цёмнымі шыбамі старасвецкіх будынкаў. Бліскучае святло ліхтарняў і вітрын не перашкодзіла яму заўважыць і «вочы змучаных людзей і выгнанае голадам на вуліцу дзіця» — балючы сімвал жабрацкай долі народа.

«Каробушку» пяе дзіцячы альт, І надрываецца абрыдлая шарманка.

Горад ламбардаў і банкаў, рэклам і вітрын не можа пачуць голасу бяды і няшчасця — глухія яго вуліцы, глухая ноч, «не менш глухі людскі натоўп». Чалавеку сумленнаму вельмі цяжка тут, ён адчувае сябе страшэнна стомленым, і не столькі ад спёкі, якою «пышуць дахі і асфальт», колькі ад гэтай глухаты і чэрствасці, ад якой хочацца куды-небудзь сысці, сесці «на далёкай лаўцы, хаця бы крышку часу адпачыць!».

Трагедыі абяздоленых людзей, якія ў пошуках ратунку ад галоднай смерці вымушаны накідаць бацькоўскі кут і ехаць насустрач невядомаму лёсу далёка за мора, на чужыну, прысвечана «Эмігранцкая песня» паэта. Балючым і горкім сумам вее ад гэтай праўдзівай споведзі тых, каму ў сваім родным краі не хапіла хлеба. Сацыяльная няроўнасць, жорсткая і драпежная палітыка эксплуататараў — вось што гоніць тысячы галодных і раздзетых па дарогах свету, вось дзе прычына ўсіх няшчасцяў і бед народных. Іменна гэтая думка пакладзена ў аснову аднаго з лепшых узораў грамадзянскай лірыкі Багдановіча — верша «Мяжы». Неаглядны абшары зямлі, «нязмерны вольныя прасторы»,— гаворыць паэт,— але чалавек падзяліў іх межамі і платамі, перакапаў ірвамі і канавамі, адгарадзіў «шнурамі штыкоў» і «стопудовымі гранітнымі каменнямі» — і ўсё дзеля таго, каб панавала варожасць паміж людзьмі, каб адны знемагалі ад сытасці, а другія паміралі з голаду.