Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 14

Ніл Гілевіч

Свае адносіны да свету прыроды, свае пачуцці, абуджаныя ёю, Багдановіч, як правіла, выказвае спакойна, стрымана. І толькі па тым, з якім майстэрствам стварае ён малюнкі, як тонка перадае хараство беларускіх пейзажаў, можна меркаваць аб яго вялікай сыноўняй павазе і любві да роднай зямлі, да яе чароўнай красы. Эпітэт Багдановіча ў большасці, выпадкаў эмацыянальна не афарбаваны, затое ён заўсёды дакладны, свежы і характэрны, метафара не крыклівая, але на дзіва трапная і прыгожая. «Ціха па мяккай траве сінявокая ноч прахадзіла»,— чытаем мы, і бачым гэтую ноч, і верым, што яна сапраўды ступала нячутна-ціха; «Збожжа пакрылася шызай расой» — можна перабраць сотні эпітэтаў — і ніводзін не перадасць колер збожжа на пачатку змяркання лепш за гэты; «У небе ціха зоркі расцвілі» — іменна расцвілі, бо яны загарэліся ў вячэрнім небе не адразу, а спакваля, з кожнай хвілінай робячыся ярчэйшымі. Або вось Вераніка з аднайменнага верша глядзіць, як у садзе, над кустом дзікай шыпшыны, «бруяе блізка сонны чмель». Эпітэт сонны надзвычай хораша стасуецца да лянівага палёту чмяля.

Багдановіч лічыўся б выдатным паэтам і тады, калі б ён нам пакінуў толькі вершы аб роднай прыродзе. На шчасце, яго паэтычны талент раскрываўся так шчодра не толькі ў пейзажнай лірыцы, але і ў творах сацыяльна-грамадскага зместу, і ў вершах пра каханне, і ў філасофскіх мініяцюрах на тэму жыцця і смерці. І калі гаварыць пра самае галоўнае, што перш за ўсё вызначае творчае аблічча Багдановіча і ў рэшце рэшт вылучае яго ў лік найвялікшых паэтаў Беларусі, то гэтае галоўнае — яго рэвалюцыйна-дэмакратычная, грамадзянска-патрыятычная лірыка. Калісьці В. Р. Бялінскі пісаў, што паэт ніколі не стапе вялікім ад самога сябе і праз самога сябе, а толькі выражаючы душу народа і свой час. Багдановіч якраз і стаў натхнёным выразнікам запаветных дум і жаданняў народа, праўдзівым і непадкупным суддзёй свайго суровага часу.

Чалавек вялікай і чулай душы, светлага і праніклівага розуму, Багдановіч быў адным з самых высакародных і гуманных людзей, якімі, магла пахваліцца перадкастрычніцкая Беларусь. Жыццё працоўнага народа, яго змаганне за лепшую долю, яго імкненне выбіцца на шлях свабоды і шчасця — усё гэта знаходзіла ў душы паэта гарачы водгук. Багдановіч глядзеў на вакольны свет яснымі вачамі, стараючыся зразумець, па якіх законах гэты свет жыве, спрабуючы асэнсаваць усю складанасць падзей і часу. Яшчэ да таго як прыехаць, нарэшце, на дваццатым годзе жыцця, у Беларусь, паэт ведаў, што ў краіне казачных бароў і пушчаў, азёр і рэк, пазбаўлены права на ўсё гэта багацце, гаруе і пакутуе шматмільённы працоўны люд. Паэт ведаў, што гора сціснула дыханне народа і пануе ўсюды: і пад саламянымі стрэхамі вясковых хат і «на жорсткім дне» гарадскіх вулак. Яно разлілося «шырока, як мора», і затапіла ўвесь «выкляты богам» край.