Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 12

Ніл Гілевіч

Як бы кідаючы бясстрашны выклік адшчапенцам, якія заадно з царскімі дзяржымордамі чынілі здзек з працоўнага беларускага люду, аплёўвалі яго духоўныя здабыткі, яго культуру і мову, малады чалавек, што амаль не помніў роднага краю, аддзелены ад гэтага краю не толькі тысячамі вёрст, але і тысячамі сцен глухой злобнай нянавісці, заспяваў аб ім велічную і прыгожую, бязрадасную і балючую, гнеўную і грозную песню. І заспяваў ён сваю песню на роднай матчынай мове...

На самым пачатку сваёй творчай дарогі паэт уяўляў Беларусь толькі па казках і легендах, паданнях ды павер'ях народных, што месціліся ў бацькавай бібліятэцы і так моцна ўразілі яго непаўторна-самабытнымі вобразамі старажытнай паэзіі. І сама яна, беларуская зямля, здавалася яму дзівоснай казкай, поўнай незвычайнага хараства і таямніц, казкай са старымі барамі і «прывольнымі, цёмнымі пушчамі», дзе адзінокі, калматы лясун, «аброслы мохам, як пень», то ляжыць паміж «спелай брусніцы» і «бакі выгравае» на сонцы, то брыдзе, пахіліўшыся панура, раздоллем лясных дарог, то гушкаецца «на вяршынах вялізных сасон» — і ўсё тады ў бары калышацца, шуміць і гудзе; казкай, дзе з шэрага моху падымае галоўку з залатой каронай змяіны цар, а небяспечны дух-вадзянік, «сівавусы і згорблены», калі не ляжыць на дне ракі, аблытаны цінай, то «бяспамятны піхае кола» старога млына або ў месячную ноч на возеры з глыбокага віру «ў хвалях гуляць выпускае» сярэбраных змеяў; казкай, дзе зімою цэлымі днямі весяліцца ў полі «ап'янелы ад снежнага хмелю, Падвей — трасе сваімі белымі кудрамі-валасамі, вее снегавымі рукавамі, скача, пяе і кружыцца, аж пакуль не зваліцца недзе між палёў у «пуховую пасцель».

Раннія вершы паэта аб роднай прыродзе, населеныя міфічнымі істотамі, прасякнуты духам язычаскіх павер'яў, складаюць вельмі своеасаблівую старонку ў беларускай пейзажнай лірыцы, старонку, якую ў сілу абставін мог напісаць толькі Багдановіч і якую нельга паўтарыць. Багдановічу ўдалося, не ўпадаючы ў стылізацыю, захаваць у гэтых вершах непасрэднасць старажытнага светаўспрымання, тую першаснасць і свежасць паэтычнага бачання, якімі зачароўваюць нас міфалагічныя беларускія казкі і легенды, замовы і павер'і. Лесуны і падвеі, вадзянікі і русалкі так арганічна ўведзены ў паэтычную фактуру вершаў, што зусім не псуюць хараства рэалістычных малюнкаў, а толькі надаюць ім адметны каларыт і дапамагаюць стварыць пэўны настрой — ці то перад намі дажджлівы асенні вечар, ці месячная летняя ноч, ці «агністая спёка» ў пушчы. Сапраўды, хіба не перадаецца нам трывожна-страшнае прадчуванне небяспекі, што ахоплівае цёмнай ноччу ў лесе адзінокага падарожніка, калі мы чытаем вось гэты васьмірадковы верш пра лесуна:

Я спакойна драмлю над гарой між кустоў. Лес прыціхнуў,— ні шуму, ні сокату. Але чую ў цішы пада мной звон падкоў, Чую гул мяккі конскага топату. Ці не гукнуць, каб рэха па лесе пайшло, Каб з касцямі, ў кавалкі разбітымі, Нехта біўся ў крыві, каб мне можна было Усю ноч рагатаць пад ракітамі?!